На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, дакладны вынік прэзыдэнцкіх выбараў невядомы. Рэдкі выпадак, калі экзыт-полы не даюць адказу на пытаньне, хто ж перамог: дзейны прэзыдэнт Анджэй Дуда, фактычны прадстаўнік кіраўнічай партыі «Права і справядлівасьць» ці Рафал Тшаскоўскі, кандыдат ад апазыцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі».
Экзыт-полы сьведчаць пра перамогу Дуды на 0,8-1,6%. Але памылка рэпрэзэнтатыўнасьці апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў большая за гэтае адрозьненьне. Таму ў рэальнасьці магчымая перамога як Дуды, так і Тшаскоўскага.
Але ў любым выпадку навідавоку выразны роўны падзел, можна нават сказаць раскол польскага грамадзтва. Раскол таму, што ў гэтым выпадку падзел тычыўся ня толькі чыста палітычных, але і сьветапоглядных, каштоўнасных рэчаў.
Гэта не беларуская сытуацыя, але ў нечым падобная на цяперашнюю амэрыканскую, дзе палітычных апанэнтаў часам успрымаюць як прадстаўнікоў іншай нацыі.
Фармальна нават перамога Тшаскоўскага ня будзе азначаць рэвалюцыі, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы ў Польшчы не такія бязьмежныя, як у Беларусі, і нават не такія шырокія, як у ЗША. Прынамсі, у эканамічнай сфэры вырашальную ролю адыгрывае ўрад, а ён у Польшчы сфармаваны партыяй «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая атрымала пераканаўчую перамогу на апошніх парлямэнцкіх выбарах.
Аднак у замежнай палітыцы паўнамоцтвы прэзыдэнта Польшчы досыць вялікія. А гэтыя сфэра — адна з тых, якія спараджаюць у Польшчы спрэчкі і супярэчнасьці. Прынамсі, прэзыдэнт Тшаскоўскі мог бы крыху прыпыніць пэўнае дыстацыяваньне сваёй краіны ад Эўразьвязу, крыху павярнуць палітыку эўраскептыцызму ў бок Брусэлю, Бэрліну, Парыжу, у бок тых эўрапейскіх прынцыпаў, ад якіх, на думку многіх у ЭЗ, Польшча пры кіраваньні ПіС пачала адыходзіць.
Зразумела, усё пазнаецца ў параўнаньні. У беларускім кантэксьце брутальнай і прымітыўнай дыктатуры польскія адхіленьні ад эўрапейскіх прынцыпаў падаюцца псэўдапраблемамі, маўляў, нам бы вашыя праблемы. Але палякі не беларусы. Яны жывуць сваімі праблемамі і для іх яны надзвычай вострыя, балючыя і расколваюць народ.
Але і Анджэй Дуда, калі ўсё ж перамог ён, ня зможа зыходзіць з прынцыпу «пераможца атрымлівае ўсё». Па ідэі не павінны, калі выбары паказалі падзел грамадзтва амаль напалам.
Цікава, што ў першым туры выбараў Дуда апярэджваў Тшаскоўскага. Паводле экзыт-полу кандыдат ад апазыцыі ў другім туры палепшыў свой вынік на 19 (!) працэнтных пунктаў, гэта значыць сабраў галасы амаль усіх, хто галасаваў супраць кандыдата ПіС. Такі варыянт пратэставага галасаваньня.
Гераіня раманаў Агаты Крысьці міс Марпл на любыя калізіі знаходзіла аналёгіі з жыцьця сваёй вёсачкі. Я, як тая міс, прыгадаю маніфэст Яўгена Прэйгермана. Якога аблаялі ўсе. Дакладней, тыя, каму Лукашэнка не падабаецца, аблаялі як найміта рэжыму, а прыхільнікі рэжыму, адпаведна, сустрэлі магільным маўчаньнем.
Аналёгіі, здаецца, недарэчныя. Віктар Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі сядзяць за кратамі, малаімаверна, што Бабарыка і Ціханоўская будуць зарэгістраваныя як кандыдаты ў прэзыдэнты.
Але досьвед суседзяў — прынамсі падстава для асэнсаваньня саміх сябе. А давайце ўявім сабе, што Бабарыку рэгіструюць кандыдатам. Давайце нават уявім сабе, што адбываецца другі тур. Давайце ўявім сабе, што і другі тур паказвае, што дзьве Беларусі — прыкладна роўныя. І што тады? Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, не беларуская сытуацыя. Я разумею, што альбо 3% альбо 76%. Але калі яна польская? Калі напалам, калі палова Беларусі — Беларусь Лукашэнкі, а палова — Бабарыкі? Што тады?
Я разумею, дыктатуры альбо зрынаюцца альбо захоўваюцца. А хіба немагчымы пат, такі самы, як цяпер у Польшчы?
Можа, і немагчымы. Але варта прынамсі падумаць, пра што адна Беларусь можа дамовіцца з другой.
Дзякуй братам палякам, яны даюць падставу паглядзець на сваю сытуацыю так, як не выпадала паглядзець бязь іх.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.