У Сусьветнай арганізацыі здароўя сказалі, што ня могуць прадказаць другую хвалю каранавірусу ў асобнай краіне, у тым ліку ў Беларусі.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
На пытаньні карэспандэнта Свабоды адказаў афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскага бюро САЗ Джэймз Крэсўік.
— Ці ёсьць верагоднасьць другой хвалі каранавірусу ў Беларусі?
— Мы ня можам прадказаць, калі ўспышка ў кожнай асобнай краіне дасягне піку і дзе і калі чакаць наступных хваляў. Цяпер мы засяродзіліся на запавольваньні перадачы хваробы і на ратаваньні жыцьцяў. Мы можам толькі сказаць, што ход пандэміі і ў першай яе хвалі, і ў любой наступнай будзе вызначацца тым, якія захады робяцца ў той ці іншай краіне. Калі мы не скарыстаем магчымасьцяў, якія даюць нам сёньня дыстанцыяваньне, ізаляцыя і карантынныя захады, каб апэратыўна выявіць, дзе цяпер вірус і як ён распаўсюджваецца, прыйдзе новая хваля захворваньня.
— Ці дастаткова Беларусь гатовая да другой хвалі?
— Стратэгія вяртаньня ў нармальны стан патрабуе выверанага, паэтапнага падыходу. Ураду Беларусі трэба намеціць плян дзеяньняў, зыходзячы з эпідэміялёгіі хваробы; з патэнцыялу нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя ў справе зьнішчэньня інфэкцыі; з магчымасьцяў засьцерагацца ад заражэньня індывідуальна; з таго, наколькі сыстэма аховы здароўя можа даць рады хваробе, калі тая зноў пачне шырыцца. Гэта ўсё павінна даць плён.
На кожным этапе ўрад павінен пачакаць і ацаніць, што працуе, а што не, перш чым пераходзіць да наступнага этапу. САЗ гатовая падтрымліваць усе свае краіны-сябры ў складаньні гэтага пляну і ў маніторынгу сытуацыі па меры яе разьвіцьця.
— Што рэкамэндуе САЗ?
— САЗ яшчэ раней вызначыла 4 сцэнары, якія апісваюць дынаміку распаўсюду хваробы. Кожны такі сцэнар патрабуе адмысловай мэтодыкі кантролю на самых нізкіх адміністратыўных узроўнях. Невядома, як будзе разьвівацца эпідэмія, але можна разглядаць тры магчымыя шляхі яе разьвіцьця:
- поўнае спыненьне перадачы ад чалавека да чалавека,
- чарада хваляў эпідэміі (моцных ці слабых),
- працяглае распаўсюджваньне з малой інтэнсіўнасьцю.
Узяўшы за аснову ранейшыя рэкамэндацыі, САЗ абнавіла свае апэратыўныя ўказаньні па захаваньні асноўных мэдыцынскіх паслуг у кантэксьце COVID-19. Гэты дакумэнт падтрымлівае ажыцьцяўленьне ў краіне мэтанакіраваных дзеяньняў на нацыянальным, адміністрацыйна-тэрытарыяльным і мясцовым узроўнях, каб рэарганізаваць і захаваць доступ да бясьпечных і высакаякасных мэдыцынскіх паслуг найпершай важнасьці.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ