Хакейны клюб «Дынама-Менск» шукае трэнэра з досьведам працы ў КХЛ, NHL і AHL на заробак 10 тысяч беларускіх рублёў, вынікае з вакансіі на сайце Дзяржаўнай службы занятасьці.
Гэта істотна вышэй за сярэдні заробак у галіне спорту і фізычнай культуры (1023,2 рубля ў траўні) і нават сярэдні заробак па Беларусі (1227,9 рубля ў траўні). Але значна ніжэй, чым у паўночнаамэрыканскіх лігах AHL і NHL.
Заробкі трэнэраў у расейскай КХЛ, дзе гуляе «Дынама», ніжэйшыя за паўночнаамэрыканскія, але ўсё роўна на парадак вышэйшыя за той, што прапанаваны патэнцыйнаму трэнэру «Дынама». Афіцыйныя зьвесткі пра заробкі закрытыя, але некаторыя лічбы траплялі ў СМІ.
Так, у красавіку сайт Sport24.ru наракаў, што ў большасьці спэцыялістаў КХЛ заробкі не перавышаюць 30 млн расейскіх рублёў на год (выходзіць каля 86 тысяч беларускіх рублёў на месяц), а многія, як галоўны трэнэр клюбу «Салават Юлаев» Мікалай Цулыгін, атрымліваюць у раёне 10 млн расейскіх рублёў на год (каля 28,6 тысячы беларускіх рублёў на месяц). Выданьне адзначала, што заробкі трэнэраў вельмі нізкія на фоне хакеістаў і ў КХЛ, і ў NHL — «на ўзроўні форварда чацьвёртага зьвяна клюбу-серадняка».
Пры тым менскае «Дынама», як адзначае Інтэрфакс, шукае правага абаронцу і цэнтральнага форварда на заробкі ў 400 тысяч даляраў на год — каля 81,1 тысячы беларускіх рублёў на месяц.
Менскае «Дынама» ў мінулым сэзоне фінішавала на апошнім месцы ў КХЛ з найбольшай колькасьцю прапушчаных шайбаў. Галоўны трэнэр «Дынама» — канадзец Крэйг Вудкрафт, на сайце клюбу пазначаныя яшчэ чатыры трэнэры. Былы капітан хакейнай зборнай Беларусі Аляксей Калюжны расказваў Belarushockey.com, што хацеў бы пайсьці трэнэрам у «Дынама», але яго туды не запрашалі.