У судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся суд на хакеістамі «Дынама-Маладэчна» за ўдзел у дамоўным матчы. На судзе ім прад’явілі яшчэ адно абвінавачаньне — у распаўсюдзе парнаграфіі, паведамляе Tut.by.
Як стала вядома пасьля дасьледаваньня тэхнікі абвінавачаных, усе чацьвёра хакеістаў — Аляксей Іваноў, Сяргей Шэлег, Мікіта Ўсьціненка і Аляксандар Сырэй — распаўсюджвалі ў чатах зь некалькіх дзясяткаў чалавек ролікі парнаграфічнага зьместу.
Раней ім прад’явілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў дамоўным матчы «Дынама-Маладэчна» — «Магілёў» 12 лістапада 2019 году. Тады каманда Маладэчна саступіла аднаму з аўтсайдэраў чэмпіянату зь лікам 5:6, хоць была выйгравала 5:1.
Паводле сьледзтва, хакеісты каманды Сяргей Шэлег, Аляксей Іваноў і Вячаслаў Лісічкін пагадзіліся прайграць у матчы, залучыўшы ў справу Станіслава Кучкіна, Паўла Баярчука і Аляксандра Сырэя. Пазьней да іх далучыўся Мікіта Ўсьціненка. За паразу хакеістам агулам абяцалі ад 7 да 15 тысяч даляраў на ўсіх.
Што выявіла расьсьледаваньне?
Фэдэрацыя хакею прыцягнула да расьсьледаваньня праваахоўныя органы. У выніку ў пракуратуру перадалі справу супраць Іванова, Усьціненкі, Сырэя і Шэлега. Справу супраць яшчэ трох хакеістаў спынілі пасьля пакаяньня.
Паводле сьледзтва, трэнэр каманды «Дынама-Маладэчна» Ігар Крывашлык асабіста і праз трэціх асобаў з жніўня да лістапада 2019 году зрабіў больш за 20 ставак на матчы Кубка і чэмпіянату Беларусі з удзелам сваёй каманды.
Пра тое, што матч будзе дамоўны, ведалі яшчэ тры хакеісты клюбу: Арцём Волкаў, Дзьмітры Амбражэйчык і Мікіта Феакцістаў. Яны адмовіліся прайграваць у матчы з «Магілёвам», але і не паведамілі пра дамоўны матч праваахоўнікам.
Як пакарала хакеістаў Фэдэрацыя хакею?
Паводле рашэньня Фэдэрацыі, на год дыскваліфікавалі і аштрафавалі на 8100 рублёў Шэлега, Усьціненку, Іванова, Кучкіна, Лісічкіна, Сырэя і Баярчука. Трэнэра Крывашлыка дыскваліфікавалі бестэрмінова. Хакеістаў Волкава, Амбражэйчыка і Феактыстава аштрафавалі на 1350 рублёў.