Генэральны дырэктар каманды «Дынама» (Менск) Дзьмітры Баскаў пацьвердзіў фінансавы дэфіцыт у ягоным клюбе, які выступае ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе.
«Утварыліся запазычанасьці ў заробках гульцоў за мінулы сэзон», — цытуе функцыянэра клубная прэс-служба.
Дагэтуль адзіны беларускі прадстаўнік у КХЛ меў стабільны бюджэт, які дазваляў наймаць нятанных легіянэраў. Аднак сёлета ўдзел клюбу ў новым сэзоне рэгулярнага чэмпіянату КХЛ пад вялікім пытаньнем.
«Пачынаючы са студзеня, наш асноўны партнэр „Беларуськалій“ прыпыніў падтрымку клюбу. Дапамога прамысловага гіганта была ключавай у фармаваньні бюджэту „Дынама“. Гэтая сытуацыя нэгатыўна адбіваецца на нашай сэлекцыйнай кампаніі. З майго боку робіцца ўсё магчымае, знаходжуся ў пошуку крыніц фінансаваньня».
Гендырэктар «Дынама» мяркуе, што «выхад будзе знойдзены».
Яшчэ ў лютым Дзьмітры Баскаў заклікаў камэрцыйныя структуры падтрымаць праект «Дынама» і атрымаць ў агляднай будучыні «прыемныя дывідэнды».
«Зьвяртаюся да прадстаўнікоў буйнога бізнэсу, міжнародных кампаній, айчынных прадпрымальнікаў. Мы адкрытыя для інвэстыцыйных прапаноў і гатовыя прадставіць унікальныя магчымасьці для прасоўваньня вашых брэндаў на рынках Беларусі і краін, якія ўваходзяць у Кантынэнтальную хакейную лігу. Сумесна нам па сілах стварыць клюб, якім будзе ганарыцца ўся Беларусь».
Па выніках апошняга сэзону менскае «Дынама» адзначылася адразу двума антырэкордамі: заняло апошняе месца сярод 24 камандаў КХЛ і прапусьціла найбольшую колькасьць шайбаў.