Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Графік: да дня выбараў выпадкі COVID-19 зьвядуць да нуля


Дактары ў абарончых касьцюмах на вуліцы Менску
Дактары ў абарончых касьцюмах на вуліцы Менску

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што з пандэміяй «мы справіліся».

У мяне няма сумневу, што два месяцы таму Міністэрству аховы здароўя было загадана, каб колькасьць інфікаваных каранавірусам на дзень не перавышала трохзначнай лічбы — дзевяцьсот зь нечым. І ня больш. Так і было некалькі тыдняў, хоць гэта супярэчыла альгарытму росту пандэміі практычна ва ўсіх краінах сьвету.

А потым гэтая афіцыйная статыстыка пачала зьніжацца.

Цяпер Лукашэнка заяўляе пра перамогу і, трэба ж здарыцца такому супадзеньню, у Віцебску адразу адмянілі прынятыя раней абмежаваньні.

Нядаўна я быў у Віцебску, і знаёмыя мэдыкі мне казалі, што сытуацыя з каранавірусам застаецца няпростай. Яна лепшая, чым два месяцы таму, але значна горшая, чым кажуць улады.

Ва ўсякім разе, ні пра якую перамогу гаворкі нават у агляднай будучыні быць ня можа.

Афіцыйнай статыстыкі па Віцебску — як не было, гэтак і няма. Што зразумела: Лукашэнка ж загадаў, каб — бяз панікі! З розных гарадоў ідуць паведамленьні, што мэдыкам забаронена ставіць дыягназ «каранавірус». Пнэўманія! А з пнэўманіяй можна і дома паляжаць.

Цяпер, пасьля словаў пра перамогу, можна не сумнявацца, што да дня прэзыдэнцкіх выбараў колькасьць інфікаваных дойдзе да нуля.

Мой калега Аляксандар Арсёнаў адсочвае колькасьць інфікаваных у Беларусі менавіта паводле афіцыйнай статыстыкі, і вось які цікавы графік у яго атрымаўся: калі дынаміка будзе захоўвацца (а ў гэтым сумнявацца не выпадае), на нуль Беларусь выходзіць акурат 7–8 жніўня.

За дзень да галасаваньня агітацыя забароненая – але не забаронена заявіць пра перамогу, цяпер ужо зь лічбамі.

Словам, усё для элегантнай перамогі. Не над каранавірусам, вядома, — над палітычнымі апанэнтамі. Ну, і над народам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG