Акруговы суд у Пскове (РФ) агучыў прысуд журналістцы Сьвятлане Пракопьевай, якую абвінавачвалі ў апраўданьні тэрарызму.
Сьвятлане Пракопʼевай прысудзілі штраф 500 тысяч расейскіх рублёў. 3 ліпеня абвінаваўцы прасілі асудзіць яе на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі.
Пракоп'еву абвінавачвалі ў апраўданьні тэрарызму (частка 2 арт. 205.2 КК РФ). Крымінальную справу супраць яе распачалі ў лютым 2019 году ў сувязі зь яе выказваньнямі ў эфіры «Эхо Москвы ў Пскове» аб магчымых матывах Міхаіла Жлобіцкага, які падарваў сябе ў будынку архангельскага ўпраўленьня ФСБ. Асноўныя думкі яе выступленьня былі пераказаныя таксама ў аўтарскай калёнцы.
Сьвятлана Пракоп’ева ў эфіры радыё «Эхо Москвы» выказала думку, што дзяржава «сама выхавала» пакаленьне грамадзян, якое змагаецца зь ёй. Выступаючы ў судзе, Пракопʼева заявіла, што напісала аўтарскую калёнку аб выбуху ў будынку архангельскага ФСБ, каб такія тэракты не паўтарыліся ў будучыні.
«Мы абураныя тым, што расейскія ўлады гатовыя бязьлітасна расправіцца зь незалежнай, добра вядомай журналісткай, якая зрабіла нешта зусім супрацьлеглае таму, у чым яна абвінавачваецца. Погляд Сьвятланы ўяўляў сабой спробу разабрацца ў прычынах трагедыі; прадстаўляць яе словы як „апраўданьне тэрарызму“ — гэта наўмыснае, палітычна матываванае скажэньне праўды, накіраванае на тое, каб заглушыць крытычны голас. Гэта нагадвае найгоршыя прыклады паказальных працэсаў, якія праходзілі ў адну з самых змрочных эпох у гісторыі Расеі», — гаварылася ў заяве Дэйзі Сындэлар, якая выконвае абавязкі прэзыдэнта карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
У абарону Пракопʼевай раней выступілі міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі, расейскія палітыкі і грамадзянскія актывісты.