Улады правінцыі Люга ў аўтаномным рэгіёне Галісія, што на паўночным захадзе Гішпаніі, абвясьцілі карантын у сувязі з новай успышкай COVID-19, піша BBC.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Хоць агулам у Гішпаніі распаўсюд каранавірусу ўдаецца стрымліваць (увесь чэрвень фіксавалі каля паўтысячы новых выпадкаў на дзень супраць штодзённых 8 тысяч на піку ў сакавіку), у 14 муніцыпалітэтах у Люга, дзе жыве каля 70 тысяч чалавек, уводзяць карантын сама меней на 5 дзён. Пры тым Галісія была першым рэгіёнам Гішпаніі, дзе ў чэрвені зьнялі абмежаваньні ў сувязі з каранавірусам.
Падчас карантыну ў Луга будуць забароненыя сходы, большыя за 10 чалавек, а нашэньне масак будзе абавязковым. Палову месцаў у барах і рэстарацыях зробяць закрытымі для наведнікаў. Перасоўваньне людзей не абмяжоўваюць.
Гэтае рашэньне прынялі на наступны дзень пасьля вяртаньня карантыну ў горадзе Лейда і раёне Сэгрыя ў Каталёніі, што на паўночным захадзе Гішпаніі. Там пад карантын трапілі да 210 тысяч чалавек. Там закрылі ўезд і выезд у раёны пад карантынам, мясцовым параілі ня езьдзіць між раёнамі, выставілі блёкпасты.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, распаўсюд каранавірусу на душу насельніцтва прыблізна аднолькавы ў Гішпаніі і Беларусі. Агулам у Гішпаніі выявілі звыш 297 тысяч выпадкаў COVID-19 (6-е месца ў сьвеце), прызналі звыш 28 тысяч сьмерцяў (7-е месца ў сьвеце). У сакавіку-красавіку фіксавалі сотні сьмерцяў за дзень, ды распаўсюд вірусу пайшоў на спад, зь сярэдзіны чэрвеня фіксуюць ня больш за два дзясяткі штодзённых сьмерцяў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.