Пробашч Чырвонага касьцёла ў Менску Ўладзіслаў Завальнюк 29 чэрвеня выправіўся ў пілігрымку ў Будслаў. Ён плянуе праехаць 132 км па Беларусі на монаколе і 2 ліпеня прыбыць на сьвята Будслаўскай іконы Божай Маці, паведамляе Tut.by.
70-гадовы сьвятар будзе праяжджаць па 35-40 км у суткі ў сваім касьцёльным уборы. Пілігрымка заплянаваная выключна толькі з вадой, бязь ежы. Некалькі парафіян Чырвонага касьцёла будуць суправаджаць ксяндза на машыне. На борце аўтамабіля ўрывак з малітвы: «Ад пажару, голаду, вайны і віруснай заразы беражы нас, Божа».
«Мне вельмі не хацелася адмаўляцца ад пілігрымак. Трохі падумаў і вырашыў, што можна знайсьці бясьпечны варыянт для праходжаньня шляху», — тлумачыць сьвятар выбар такога віду транспарту: у гэтым годзе традыцыйнае паломніцтва адмянілі з прычыны пандэміі каранавірусу.
Ксяндза-каноніка праводзілі ў пілігрымку парафіяне касьцёла і 29 менчукоў на монаколах, якія правялі яго да выезду на трасу.
Менскі інструктар Ігар Сушчанка, які трэнаваў і кансультаваў сьвятара перад падарожжам, на працягу паломніцтва будзе на сувязі з групай суправаджэньня і ксяндзом — дапамагаць з тэхнічнымі пытаньнямі, калі такія паўстануць.