Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорная скрыня» Ярмошынай: як лічылі подпісы


Чаму Цапкала недалічыўся подпісаў? Адкуль узяліся дадатковыя подпісы ў Канапацкай, Дзьмітрыева і Чэрачня? Ці стануць кандыдатамі Бабарыка і Ціханоўская? Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.

Дракахруст: «Чорныя скрыні» ў самалётах пасьля катастрофы здабываюць і глядзяць, што там было. Сёньня мы пагаворым пра «чорную скрыню» Лідзіі Міхайлаўны Ярмошынай. Паводле падлікаў ЦВК, Валер Цапкала ня трапіў у сьпіс кандыдатаў у кандыдаты, набраўшы 75 тысяч подпісаў. Чаму гэта адбылося?

Навумчык: Што тычыцца Цапкалы, дык у мяне ёсьць непалітычнае тлумачэньне. Лукашэнка мае рацыю, калі кажа, што Цапкала быў яму абавязаны. Валер Цапкала прыйшоў да Лукашэнкі літаральна за некалькі месяцаў да выбараў, у адрозьненьне ад Ганчара, Сініцына ці Шэймана, якіх Лукашэнка ведаў чатыры гады. І прыйшоў з каманды палітычнага ворага — Станіслава Шушкевіча. А атрымаў пасаду нашмат большую, чым некаторыя даўнішнія паплечнікі Лукашэнкі — у 27 гадоў яго зрабілі першым намесьнікам міністра замежных спраў.

Потым ён быў амбасадарам у ЗША, гэтая пасада — першая ў шэрагу амбасадараў. Потым узначальваў Парк высокіх тэхналёгіяў. І ўсё гэта не адбылося б без Лукашэнкі. А што ўзамен? Цапкала ня тое што выказаў нязгоду зь нейкімі эканамічнымі ці зьнешнепалітычнымі крокамі Лукашэнкі, — ён пажадаў яму заставацца ў мінулым, з кароўкамі, козачкамі, гектарамі... Гэта было ўспрынята як абраза і як здрада.

Лукашэнка жорсткі ў дачыненьні да ідэйных сваіх апанэнтаў — гэта прасочваецца на лёсе дэпутатаў БНФ, якім не ўдавалася ўладкавацца на працу, якія маюць мізэрныя пэнсіі. Але, за выключэньнем сытуацыі вакол Пазьняка ў 1996-м, ён трымаецца ў дачыненьні да іх пэўных межаў. Іншая рэч — былыя паплечнікі. Прыгадаем Ганчара і Захаранку, прыгадаем Лявонава і Чыгіра, якія доўгі час правялі ў турме. Аляксандар Рыгоравіч не ўспрымае пераход былых паплечнікаў у іншы лягер як палітычны крок, успрымае гэта як асабістую здраду.

Дракахруст: Вельмі сьмешная гісторыя з Чэрачнем, Канапацкай і Дзьмітрыевым. Высьвятляецца, што лічбы самі прэтэндэнты агучвалі адны, а ЦВК — большыя. Ярмошына сказала, што людзі на месцах ведалі лепш, чым самі прэтэндэнты. У 2019 годзе было нешта падобнае, але такіх сьмешных сытуацый не было. Але гэты выпадак сьведчыць пра тое, што гэтыя людзі для чагосьці ўладзе патрэбныя.

Навумчык: Калі ўжываць мэтафару «чорная скрыня» Ярмошынай, дык мы сапраўды ня ведаем, што там, у той скрыні, хоць ясна, што сцэнар напісаны зусім не Ярмошынай, і дай Бог, каб у Менску, а не ў Маскве. Але будзем цяпер пра тое, што навідавоку. Акрамя паразы на выбарах ці ў выніку выхаду на плошчу паўмільёна людзей, Лукашэнка баіцца, што ён апынецца ў бюлетэні адзін і на выбары людзі папросту ня пойдуць. Калі адбываецца масавае ігнараваньне выбараў — гэта візуальна бачна. Пры тым, што за дзесяцігодзьдзі спадарыня Ярмошына навучылася пісаць якія заўгодна лічбы.

Дракахруст: Яшчэ нядаўна гучала такое меркаваньне, што людзям усё роўна, «абы не за яго». Ну дык калі ласка, калі ўсё роўна за каго — можна прагаласаваць за Канапацкую, за Чэрачня, за Дзьмітрыева. Уявім, што ня будзе ні Бабарыкі, ні Ціханоўскай, а будзе Лукашэнка, Дзьмітрыеў, Чэрачань і Канапацкая. Вось гэты мэханізм «абы не за яго» — ён можа ў такой сытуацыі спрацаваць?

Навумчык: Сумняюся. Ніхто зь іх ня здолее пераключыць на сябе пратэставыя настроі, хаця б таму, што ня будзе крытыкаваць Лукашэнку з такой сілай, зь якой гэта рабіў, напрыклад, Ціханоўскі.

Дракахруст: Ты раней выказваў меркаваньне, што Бабарыку не зарэгіструюць. Шмат хто меркаваў, што пасьля арышту Бабарыкі выбарчая кампанія для яго скончылася: выразалі 60% подпісаў, маглі выразаць і 80%. Зь іншага боку, такія розныя людзі, як наш калега Валер Карбалевіч і адзін з прапагандыстаў «Белай Русі» палітоляг Пётра Пятроўскі выказалі адну і тую ж думку: Бабарыку спыняць на этапе дэклярацыі аб даходах і ўсё роўна не зарэгіструюць. Ты ўпэўнены, што яго не зарэгіструюць, ці цяпер быў бы больш асьцярожны ў прагнозах?

Навумчык: Я схіляюся да таго, што яго не зарэгіструюць. Для ўлады плюс рэгістрацыі палягае ў тым, што за Бабарыку (як і за Ціханоўскую) людзі пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Гэта важна для ўлады — каб людзі прыйшлі, а лічбы ўжо можна намаляваць якія трэба.

Але калі яго зарэгіструюць, упершыню за дзесяцігодзьдзі ў сьвеце будзе кандыдат, які на пасаду прэзыдэнта балятуецца, седзячы ў турме. Кандыдаты ў дэпутаты парлямэнту — былі (у Брытаніі ў 1980-х, у Літве ў 1990-х), а вось у прэзыдэнты — не, ва ўсялякім разе ў Эўропе. І гэта прыцягне неверагодны інтарэс, неверагодную ўвагу заходніх СМІ і да асобы самога Бабарыкі, і да асобы Лукашэнкі (прычым яго будуць падаваць у нэгатыўным кантэксьце), і да таго, што ў Беларусі адбываецца.

Дракахруст: Калі казаць на мове паліттэхналёгіяў, дык Лукашэнка хоча сканструяваць такую схему, што ён крыштальнай душы чалавек, ён абаронца незалежнасьці, а супраць яго — злодзей, які абакраў беларускі народ і які гатовы прадаць Беларусь алігархам. З аднаго боку — анёл, а з другога — д’ябал. Нават калі ты ня вельмі анёл, але супрацьстаіш д’яблу, ты выглядаеш добра. Такая схема можа зламацца, але ў ёй ёсьць сэнс.

Ёсьць варыянт, што не зарэгіструюць Бабарыку, але зарэгіструюць Ціханоўскую. Гэтым самым Лукашэнка мог бы зьнізіць пратэст, бо найбольшыя чэргі былі якраз за Ціханоўскую. І людзі з «моцнымі кулакамі» за яе падпісваліся. А з другога боку, гэта таксама схема: вось я, дасьведчаны кіраўнік дзяржавы — і хатняя гаспадыня.

Навумчык: Насамрэч Ціханоўская, думаю, сабрала значна больш подпісаў, чым ёй запісалі. Мы разумеем, што пры Лукашэнку сапраўдных выбараў няма і быць ня можа. Але рэч у тым, што ў народзе пачаліся пэўныя тэктанічныя зьмены. 9 жніўня, пэўна, улада ня зьменіцца, але зьмены гэтыя зусім не на карысьць уладзе. Беларусь ужо не такая, як год таму. Як пісаў Шэксьпір — «Бірнамскі лес пайшоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG