Інтэрвію з паэтам Аляксандарам Ірванцом, які 28 чэрвеня ўзяў чынны ўдзел у кіеўскім мітынгу ў падтрымку свабодных выбараў у Беларусі і за вызваленьне палітвязьняў, а таксама напісаў верш пра апошнія беларускія падзеі.
Аляксандар Ірванец — украінскі пісьменьнік, паэт, перакладчык твораў Уладзімера Арлова, Васіля Быкава, Вінцэся Мудрова, Адама Глобуса, Андрэя Хадановіча. Ён быў арганізатарам творчых вечарын у Кіеве, Астрогу і Роўне, на якіх беларускія літаратары сустракаліся з украінскімі чытачамі.
28 чэрвеня Аляксандар Ірванец выйшаў на Майдан Незалежнасьці ў Кіеве на акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю — за дэмакратычныя выбары і вызваленьне палітвязьняў.
На наступны дзень сваімі адчуваньнямі ён падзяліўся ў новым вершы, прысьвечаным беларускім сябрам і Беларусі.
У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Ірванец, які называе сябе беларусафілам, ацаніў апошнія падзеі ў Беларусі і пашукаў паралеляў з Украінай.
«Украіне баліць Беларусь»
Мы з Украіны сочым за сытуацыяй у Беларусі і суперажываем. Я чытаю беларускамоўныя сайты. Як я разумею, і ваш лідэр, і наш — яны чакаюць супрацьстаяньня, яны чакаюць крыві і тады ведаюць, што рабіць. І наш таксама будзе рэпрэсаваць. Я б гэтага не хацеў, але ўсё ідзе да гэтага. І гэта прыкра.
Людзі і так ужо колькі пакутавалі за Беларусь, за дзяржаву, за беларускі дух. Але бяз гэтага, напэўна, не абыдзецца... Ведаеце, я разьлічваю на вось гэтую беларускую рысу... Беларусы — флегматычныя, але і спакойныя. І калі б сталася немагчымае і беларускі народ прайшоў гэтыя выбары, паказаўшы сваё сапраўднае стаўленьне да свайго сёньняшняга лідэра, і каб гэта прайшло без крыві — гэта было б ідэальна. А раптам нешта такое здарыцца ў Беларусі?
«Акцыі падтрымкі мы праводзілі і будзем праводзіць»
Я ведаю, што былі акцыі ў Лёндане, Варшаве. У Кіеве прыйшло 100 чалавек. Ва Ўкраіне ёсьць болей неабыякавых да падзей у Беларусі людзей, якія пра яе думаюць і якім яна блізкая. Добра, што такія акцыі праходзяць. Гэта значыць, што людзі памятаюць пра Беларусь.
Падтрымка — гэта галоўная наша дапамога. Нас жа не запрашаюць назіральнікамі на выбары? Гэтыя акцыі, якія мы праводзім і яшчэ будзем праводзіць, — гэта ўсё, што мы можам зрабіць. Беларусы павінны самі выканаць сваю працу. Але яны мусяць ведаць, што і ў Кіеве, і ў Лёндане, і ў Варшаве, і ў Бэрліне людзі выходзяць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Іх не разганяе паліцыя і не шматае сьцягі. Я спадзяюся, што людзі гэта зразумеюць.
«Лукашэнка манэўруе, каб застацца»
Лукашэнка бароніць сёньняшнюю беларускую дзяржаву пад чырвона-зялёным сьцягам і гербам БССР, а ня тую, дзе ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня». Вось гэта паказальна для мяне. І ён будзе працягваць бараніць такую дзяржаву, але расейскі трыкалёр ён не дапусьціць. Я не выключаю, што ён яшчэ і па-беларуску загаворыць. Дырэктар саўгаса вырас у палітыка. 26 гадоў ва ўладзе — гэта шмат. І ён манэўруе і будзе манэўраваць, каб толькі застацца.
Нядаўна ён правёў такую страшэнную паралель з Андыжанам... Гэта ня робіць яму гонару. Я разумею, што ён страшэнна баіцца, таму ён так папярэджвае, маўляў, «не даводзьце мяне да гэтага». І гэта адначасова такі зандаж грамадзкай думкі. Але ён ужо наперад зьняў зь сябе адказнасьць за такі варыянт разьвіцьця сытуацыі.
Я ня ведаю цяперашніх кандыдатаў. Наколькі я ведаю, паэт Уладзімер Някляеў і палітыкі — Мікола Статкевіч і Павал Севярынец не вылучаліся. Я мала ведаю пра спадара Бабарыку і нічога не магу пра яго сказаць. Але пакуль будзе супрацьстаяньне Лукашэнка — Бабарыка, то шанцы цяперашняга кіраўніка перамагчы — 70 на 30, як я бачу.
«Патрыёт — найлепшы прэзыдэнт для Беларусі і Ўкраіны»
Найлепшым прэзыдэнтам Беларусі і для Ўкраіны, і для Беларусі быў бы патрыятычны, прабеларускі кандыдат. Але пра гэта трэба пакуль марыць. Ён будзе дзяржаўнікам, але мы ўжо ведаем, што дзяржаўнік — не заўсёды патрыёт. Я думаю, што, хутчэй за ўсё, Аляксандар Рыгоравіч утрымае сваё крэсла і будзе рабіць крэн ад Расеі, будзе заігрываць з Эўропай і, спадзяюся, вызваліць усіх затрыманых. Ён будзе гуляцца ў такую «добрую» дыктатуру. Так падаецца па сытуацыі на сёньня.
«Чэргі маюць перарасьці ў галасы»
Я хачу пажадаць беларусам перамагчы. Перамагчы сумленна і спакойна. Гэта будзе цяжка, але я спадзяюся, што вось гэтыя чэргі людзей, якія стаялі падпісвацца за Ціханоўскага і іншых кандыдатаў, перарастуць у галасы. Калі іх будзе сапраўды шмат, ужо ня ўдасца сфальсыфікаваць вынікі. Вось што галоўнае. І людзі павінны гэта пракантраляваць. Я б хацеў, каб было так, а як будзе — ніхто ж ня ведае.
Шлях Ірванца ў беларусафілы
Аляксандар Ірванец у інтэрвію Свабодзе прызнаўся, што мае да Беларусі вялікі сантымэнт з даўніх часоў, калі ён пачаў чытаць гумарыстычны часопіс «Вожык» і глядзець Беларускае тэлебачаньне — яно было даступнае на ўкраінскім Палесьсі, ягонай бацькаўшчыне. А потым беларуская літаратура сапраўды зацягнула:
«Я беларусафіл, неяк так выйшла».
У студзені 2020 году як сябра Ўкраінскага ПЭН-цэнтру Аляксандар Ірванец падтрымаў заяву з заклікам да беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі і перасьлед грамадзкіх дзеячоў і пісьменьнікаў за іх удзел у акцыях пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Разам зь беларускімі і ўкраінскімі актывістамі ён пікетаваў амбасаду Беларусі ва Ўкраіне.