Вядоўца тэлеканалу «Россия-24 » ГТРК «Краснаярск» Уладзімір Жарын напісаў заяву аб звальненьні з прычыны галасаваньня па папраўках да Канстытуцыі, назваўшы іх «гістарычным злачынствам». Пра гэта ён напісаў у фэйсбуку.
Жарын працуе вядоўцам на дзяржаўным канале ад 2013 году. Адзначае, што заўсёды стараўся быць аб’ектыўным.
«Але тое, што адбываецца цяпер — вышэй за маё разуменьне. Папраўкі ў Канстытуцыю — гістарычнае злачынства. Да адпіярваньня якога прыцягваюць нейкую сумнеўную віктарыну (адзін з арганізатараў, даруй Божа, „Асацыяцыі юрыстаў Расеі“ ), меркаваньні сьпісаных гісторыяй „віпаў“ — менавіта ў двукосьсі, нейкія падачкі на дзяцей... Я, шчыра кажучы, упаў у ступар, калі рэгіянальныя дэпутаты нароўні з народнымі абраньнікамі іншых субʼектаў РФ дружна ўхвалілі праўкі. Пасьля гэтага я зразумеў, што самапавага для тых, хто прагаласаваў „за“ — проста слова зь іншай рэальнасьці. То бок зразумела, што дэпутаты не павінны клапаціцца аб выбаршчыках (у гэтым сутнасьць сёньняшняй дэмакратыі), але свой інтарэс, сваю будучыню прадаваць... І ўсё адбываецца зусім па-абыватальску — гэта мяне проста забівае», — напісаў журналіст.
Яго не задавальняе меркаваньне, што ўсё ўжо вырашана і што «гэта частка нашай працы». «Адзінае выйсьце, каб ня ўдзельнічаць у гэтым варʼяцтве, — звольніцца. Ну і, зразумела, галасаваць не пайду», — напісаў на заканчэньне Жарын.
У Расеі 25 чэрвеня пачалося галасаваньне па папраўках у Канстытуцыю. Адна з галоўных паправак тычыцца абнуленьня прэзыдэнцкіх тэрмінаў, што дазволіць Уладзіміру Пуціну зноў балятавацца ў прэзыдэнты і заставацца ва ўладзе да 2036 году. Падлік вынікаў галасаваньня пачнецца пасьля закрыцьця выбарчых участкаў 1 ліпеня.
- Для ўступленьня паправак у сілу неабходна, каб іх ухвалілі больш за палову ўдзельнікаў усенароднага галасаваньня. Яўка значэньня ня мае.
- На працягу апошняга месяца СМІ паведамлялі пра масавыя скаргі грамадзян на прымус з боку начальства і працадаўцаў да галасаваньня па папраўках да Канстытуцыі, а таксама на прымус агітаваць іншых прыйсьці на выбарчыя ўчасткі. Кіраўніца ЦВК Эла Памфілава назвала большасьць скаргаў «фэйкамі».
- Шэраг прадстаўнікоў расейскай апазыцыі заклікаюць байкатаваць галасаваньне, сьцьвярджаючы, што ва ўладаў ёсьць усе інструмэнты для таго, каб яго сфальшаваць. Іншыя заклікаюць прыйсьці на ўчасткі і прагаласаваць супраць.
-