Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін выступіў са зваротам да жыхароў Расейскай Фэдэрацыі 23 чэрвеня — за два дні да пачатку датэрміновага галасаваньня за папраўкі ў Канстытуцыю, якія дазволяць яму застацца ва ўладзе яшчэ на два прэзыдэнцкія тэрміны. Асноўны дзень галасаваньня — 1 ліпеня.
Што ён паабяцаў, пераказала расейская служба Свабоды.
Паводле ацэнкі Пуціна, павелічэньне падатку на прыбытак, большы за 5 млн расейскіх рублёў (гэта прыблізна 172 тысячы беларускіх паводле курсу на момант публікацыі), з 13 да 15% прынясе ў скарб дадаткова 60 млрд расейскіх рублёў (2 млрд беларускіх) штогод. Пуцін прапанаваў гэтыя грошы накіраваць на лячэньне дзяцей з рэдкімі хваробамі і на закуп мэдычнай тэхнікі. Падатковыя зьмены ўвядуць ад 1 студзеня 2021 году.
Пуцін паабяцаў у ліпені зноў выплаціць расейскім сем'ям па 10 тысяч расейскіх рублёў (344,5 беларускага рубля) на дзяцей да 16 гадоў. Усе ранейшыя захады падтрымкі расейцаў, якія страцілі працу падчас пандэміі, дзейнічаюць у ліпені і жніўні.
Кіраўнік Расеі даручыў ураду ў 2021 годзе зьнізіць беспрацоўе да ўзроўню, які быў перад пачаткам эпідэміі.
Таксама Пуцін прапанаваў пашырыць праграму льготнай іпатэкі і выплатаў сацыяльным работнікам.
Ён паабяцаў зьнізіць падаткі IT-кампаніямі. Расейскім рэзыдэнтам — уладальнікам замежных кампаніяў прапануецца фіксаваная стаўка падатку ў памеры 5 млн расейскіх рублёў (172 тысячы беларускіх) на год.
Акрамя таго, Пуцін паабяцаў маштабныя ўкладаньні ў інфраструктурныя праекты, будаўніцтва дарог і абнаўленьне грамадзкага транспарту.