28 чэрвеня апоўдні каля 150 чалавек прыйшлі на традыцыйную сустрэчу праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці. Такія сустрэчы праходзяць кожную нядзелю на плошчы Леніна з 25 лютага 2018 году.
«Сёньня на плошчы знаходзілася больш за 20 супрацоўнікаў міліцыі, якія выціскалі адтуль прысутных праціўнікаў заводу. Каля 12.30 частка зь іх перайшла на вуліцу Пушкінскую ля плошчы, астатнія — пайшлі на сустрэчу ў Берасьцейскі гарвыканкам з нагоды рэфэрэндуму», — паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк.
28 чэрвеня ў выканкаме адбылося папярэдняе абмеркаваньне арганізацыі і падрыхтоўкі гарадзкога рэфэрэндуму па пытаньні акумулятарнага заводу. Гэта адбылося пасьля таго, як 22 чэрвеня ў Берасьці Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з грамадзкасьцю паабяцаў абвясьціць у горадзе рэфэрэндум з нагоды лёсу гэтага прадпрыемства. Рэфэрэндум павінен быць арганізаваны пасьля выбараў, якія пройдуць 9 жніўня.
Паводле слоў Кісьляка, прысутныя на сустрэчы ў гарвыканкаме выступалі за канчатковае закрыцьцё акумулятарнага заводу, бо ён пабудаваны з грубымі парушэньнямі заканадаўства і будзе труціць жыхароў рэгіёну сьвінцом. «Таксама людзі казалі, што да рэфэрэндуму неабходна правесьці грамадзкія абмеркаваньні новай справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе гэтага прадпрыемства», — заявіў праваабаронца.
Паводле яго, на сустрэчы старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук сказаў, што ў гарадзкую і ўчастковыя камісіі па правядзеньні рэфэрэндуму будуць уключаны праціўнікі заводу. Таксама кіраўнік горада паабяцаў вывучыць пытаньне правядзеньня грамадзкіх абмеркаваньняў новай справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе акумулятарнага заводу.
Як падкрэсьліў Кісьляк, на сустрэчы ўздымалася пытаньне рэпрэсій у дачыненьні да праціўнікаў заводу з боку ўладаў: адвольныя затрыманьні, адміністрацыйныя арышты, вялікія штрафы. «Акрамя таго, была агучаная прапанова дамагацца вызваленьня блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, зьмяніўшы ім меру стрыманьня з арышту на асабістую паруку берасьцейцаў. Каб Пятрухін і Кабанаў змаглі прыняць удзел у асьвятленьні агітацыі перад рэфэрэндумам. Гэтую прапанову праціўнікі заводу сустрэлі аплядысмэнтамі», — сказаў праваабаронца.
Цяпер Пятрухін і Кабанаў, затрыманыя па «справе Ціханоўскага», знаходзяцца пад вартай у Менску. Блогеры ў сваім праекце «Народны рэпарцёр» на YouTube асьвятляюць сытуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага заводу. Пятрухіна і Кабанава неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці.
Завод узьведзены на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Берасьце». Тут плянавалі наладзіць поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэяў. Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекту.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.