Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы дапамагаеце абараніць свабоду выказваньняў». У Парыжы падтрымалі беларускіх журналістаў, вязьняў і дэманстрантаў


У Парыжы 27 чэрвеня адбылася акцыя ў падтрымку незалежных беларускіх журналістаў, якія цярпяць перасьлед з боку ўладаў падчас выбарчай кампаніі, беларускіх палітвязьняў і дэманстрантаў.

Як у Беларусі праходзіць выбарчая кампанія. Апошняе​

На мітынгу выступіў пасол Францыі па правах чалавека Франсуа Крокет, які ад імя ўраду Францыі выказаў падтрымку беларускім дэманстрантам. «Я думаю, Беларусь вельмі ізаляваная ў Эўропе. І я думаю, вельмі важна, каб грамадзяне Беларусі ведалі, што тое, што адбываецца ў іх у краіне, важна для нас », – адзначыў Франсуа Крокет у інтэрвію RFI. Ён таксама заклікаў беларускія ўлады спыніць перасьлед актывістаў.

На мітынгу, наладжаным мясцовымі беларусамі, было зачытанае пасланьне Крыстофа Дэлюара, генэральнага сакратара арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў».

«Беларусь, магчыма, знаходзіцца на парозе вырашальнага моманту ў сваёй гісторыі, — гаворыцца ў пасланьні. — Аднак улады не вагаюцца ігнараваць закон, не дазваляючы незалежным СМІ асьвятляць мітынгі, якія ўяўляюць вялікі грамадзкі інтарэс».

Прыгадаўшы, што ў мінулыя выходныя праваахоўныя органы затрымалі як мінімум 14 журналістаў у Беларусі, Крыстоф Дэлюар заклікаў прэзыдэнтку Эўракамісіі Урсулю фон дэр Ляен уступіць у перамовы зь Менскам з мэтай спыненьня перасьледу журналістаў у Беларусі і неадкладнага вызваленьня тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў зьняволеньні.

«Я падтрымліваю вас у вашай мабілізацыі супраць рэпрэсій. Вы дапамагаеце абараніць свабоду прэсы і свабоду выказваньня меркаваньняў. Вы прымушаеце журналістаў ганарыцца сваёй прафэсіяй», — закончыў сваё пасланьне Крыстоф Дэлюар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG