Амаль чатыры гады жыхары вёскі Лапаціна пад Гомлем змагаліся за спыненьне шкоднай вытворчасьці каля іх дамоў. На пляцоўку звозілі будаўнічае сьмецьце на перапрацоўку.
Хутка тут вырасьлі горы сьмецьця. Людзі цярпелі ад пылу і шуму. Чыноўнікі на звароты адказвалі, што ўсё адбываецца ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Вясковыя дзеці запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Яны расказалі, якія цяжкія ўмовы жыцьця ў вёсцы праз шкодную вытворчасьць, і папрасілі «падтрымаць правы дзяцей на чыстае паветра, ваду і зямлю». Відэазварот быў разьмешчаны 24 чэрвеня на сайце «Сильные новости».
Праз два дні пасьля дзіцячага звароту Лапаціна наведалі чыноўнікі. «Прадпрыемства больш працаваць ня будзе», — сказалі вяскоўцам на сходзе.
Што здарылася
Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Ўтылізатар» распачало працу ў Лапаціне ў 2016 годзе. Прадпрыемства займалася перапрацоўкай будаўнічых адкідаў. Пляцоўку пабудавалі за 27 мэтраў ад дамоў. Побач вырасьлі горы сьмецьця. Па дарогах увесь час езьдзілі грузавікі. Ад драбільнага абсталяваньня ў вёсцы стаяў шум. Пыл з рэшткамі, напрыклад, мінэральнай ваты трапляў у жытло людзей. Санітарная служба прызнала, што вада ў вёсцы благой якасьці, і зачыніла студні. Звароты ва ўсе інстанцыі не дапамаглі.
Як жыхары адстаялі свае экалягічныя правы
Пасьля «дзіцячага звароту» 26 чэрвеня вёску наведалі прадстаўнікі ўлады. Старшыня Гомельскага райвыканкаму Алена Алексіна паведаміла, што з заўтрашняга дня прадпрыемства «Ўтылізатар» працаваць ня будзе. «Прынятае рашэньне. Сёньня ўручана паведамленьне прадпрыемству аб спыненьні дзейнасьці. Гэта значыць, што ад заўтра дадзенае прадпрыемства ня мае права завозіць туды ніякія адкіды і ня мае права рабіць іх перапрацоўку», — сказала Алена Алексіна.
На працягу прыкладна месяца прадпрыемства абавязанае вывезьці адкіды з пляцоўкі. Намесьніца галоўнага лекара абласной санітарнай службы Святлана Саварына сказала людзям, што сапраўды санітарныя органы вывучылі дакумэнты, прадстаўленыя «Ўтылізатарам», і знайшлі ў дзейнасьці прадпрыемства парушэньні.
Цяпер яшчэ і пракуратура правярае «Ўтылізатар». Аказалася, што яны не здалі законным чынам свой аб'ект у эксплюатацыю.
Жыхары Лапаціна задавалі пытаньні: «Чаму раней чыноўнікі адказвалі „пад капірку“, што дзейнасьць шкоднай вытворчасьці — законная? Што будзе з разьбітымі дарогамі?».
«У нас набалела, накіпела! Усе гэтыя шавяленьні цяпер — ня проста так, выбары ж! Мы хочам жыць у Беларусі з тэлевізара!» — сказала адна з жыхарак Лапаціна.
Хто вінаваты ў тым, што дзеці запісалі відэа
Пасьля зьяўленьня роліка чыноўнікі, па словах вяскоўцаў, пачалі шукаць вінаватых. Такімі спрабавалі абвясьціць загадчыцу мясцовага клюбу і настаўнікаў. «Ім выставілі прэтэнзіі, што клюб не займаецца дзецьмі — яны бадзяюцца без нагляду па вуліцы, запісваюць ролікі. І настаўнікі, маўляў, вінаватыя — не прасачылі за дзецьмі», — кажуць мясцовыя жыхары. Яны прасілі прадстаўнікоў аддзелу адукацыі не караць настаўнікаў, бо тыя ні ў чым не вінаватыя.
«Мне са школы даслалі паведамленьне, што я павінна напісаць заяву, што ў летні пэрыяд я адказваю за сваіх дзяцей. Бо мае дзеці таксама здымаліся ў роліку. Чаму я павінна пісаць такую заяву? Я што — у іншы час не адказваю за сваіх дзяцей? Я бяз школы ведаю, што павінна за імі глядзець!» — сказала Вікторыя Ахраменка.
Яна дадала, што дзецям няма куды дзецца ў вёсцы — пляцоўкі для гульняў няма, па вуліцах гойсаюць грузавікі на «Ўтылізатар».
«У майго сына астма. Прычым абвастрылася захворваньне менавіта з тым, што даводзіцца жыць у такім пыле. Закрылі прадпрыемства сёньня таму, што гэта дайшло да вярхоў, пасьля роліка зь дзецьмі. Нашы ўлады баяцца, што пайшоў розгалас. Мы ж людзі! Улада павінна быць для народу, а ня супраць народу. А наша Беларусь дзе? На рэклямных банэрах і шчытах? Хочацца, каб да нас ставіліся як да людзей», — сказала Алена Карасевіч.
ГЭТАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ ПАДРЫХТАВАНА З ВЫКАРЫСТАНЬНЕМ ІНФАРМАЦЫІ БЕЛАПАН