Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Траўма галавы і гематома пад вокам». Пасьля затрыманьня АМАПам хлопец у свой дзень народзінаў трапіў у шпіталь


19 чэрвеня менчуку Паўлу Стэльмаху споўніўся 31 год. Разам з двума сябрамі ён зьбіраўся адзначыць сьвята на Зыбіцкай. Але замест тусовачнай вуліцы апынуўся ў міліцыі, а потым і ў бальніцы.

Відэа ягонага затрыманьня шырока разышлося ў сацсетках. Пра абставіны хлопец расказаў Свабодзе.

«Білі па нагах — я ўпаў. Білі нагамі»

Увечары ў пятніцу, 19 чэрвеня, Павал Стэльмах зь сябрамі выйшаў з мэтро «Купалаўская» і пайшоў уніз па праспэкце Незалежнасьці да вуліцы Янкі Купалы. Кіраваліся яны на Зыбіцкую, каб там адзначыць дзень народзінаў Стэльмаха.

«Паабапал праспэкту было шмат людзей, — кажа Павал пра вечар, калі ў Менску адбывалася акцыя салідарнасьці. — Яны проста хадзілі, нічога не рабілі. Сярод людзей хадзіла міліцыя ў форме, яны не забіралі людзей. Мы спусьціліся да вуліцы Янкі Купалы, стаялі на сьвятлафоры, каб перайсьці дарогу. Там стаялі дзьве цывільныя маршруткі, а аўтазакі з другога боку. З гэтых маршрутак выбеглі людзі ў цывільным, на тварах маскі ад COVID-19, і пачалі хапаць людзей».

Паводле Стэльмаха, адзін з мужчын у цывільным, які стаяў побач зь ім, сказаў: «Бяжы адсюль». Павал у адказ запытаўся: «Што вы робіце, навошта людзей забіраеце?».

«Потым ён зайшоў за маю сьпіну, на відэа бачна, як ён на мяне паказаў, маўляў, давайце гэтага забярэм. Пасьля мяне пачалі цягнуць за рукі, ударылі ў нос — цяпер пераносьсе моцна баліць. Я выбег на сярэдзіну дарогі на пераход, да мяне падляцелі і пачалі ўпяцёх біць мяне. Білі па нагах — я ўпаў. Білі нагамі. Потым узялі за рукі, за ногі і зацягнулі ў гэтую маршрутку. Яны мяне ня вельмі добра паднялі, таму цягнулі па асфальце».

«Давай падпісвай, што ты ўдзельнічаў у пікеце»

Паводле Паўла, да затрыманьня ён зь сябрамі крыху выпіў, таму дзеяньні людзей у цывільным яго дэзарыентавалі. У бусіку на Паўла надзелі кайданкі, пасадзілі на падлогу. Акрамя яго, там былі супрацоўнікі міліцыі ў форме і яшчэ трое затрыманых хлопцаў. Усіх адвезьлі ў Савецкае РУУС. Сяброў Паўла таксама затрымалі.

«Стаялі там тварам да сьцяны і глядзелі на яе да трэцяй гадзіны ночы. Разам са мной яшчэ чалавек 15 было затрыманых. Я прасіў мэддапамогі, бо адчуваў, што губа разарваная. Міліцыянт сказаў, што мэдыка няма».

Потым Павал папрасіў мэдычнай дапамогі яшчэ раз. Па яго словах, прыйшоў падпалкоўнік, паглядзеў на губу і сказаў, што нешта прыдумае. Яму выклікалі хуткую.

«Дзяўчынкі з хуткай апрацавалі мяне і чакалі, пакуль мяне адпусьцяць з РУУС. Мне сказалі падпісваць пратакол. Я пачаў чытаць, почырк быў незразумелы. Я сказаў пра гэта, на што мне адказалі: „Давай падпісвай, што ты ўдзельнічаў у пікеце“. Я сказаў, што ня буду, бо ня ўдзельнічаў, што ў мяне быў дзень народзінаў і я шпацыраваў. Яны асабліва не настойвалі, але папярэдзілі, што калі другі раз пападуся, то будзе адміністрацыйнае пакараньне. І тады мяне павезьлі на хуткай у бальніцу на Кіжаватава».

У гэты час адпусьцілі і сяброў Паўла, яны таксама адмовіліся падпісваць пратаколы.

«Хлопцы, якія з намі там стаялі, падпісалі, але яны ўдзельнічалі ў пікеце», — дадаў Павал.

Склалі пратакол на людзей у цывільным, якія затрымлівалі

Паводле мэдычнага заключэньня, якое выдалі Паўлу Стэльмаху ў бальніцы, у яго страсеньне галаўнога мозгу, закрытая лёгкая чэрапна-мазгавая траўма, падскурная гематома ў левым скулавым абшары, удар ніжняй губы зьлева, удары па бакавой паверхні грудной клеткі зьлева, алькагольнае ап’яненьне.

З прычыны траўмы галавы Паўла хацелі пакінуць у стацыянары на пяць дзён, але ён адмовіўся, бо ня мог застацца з прычыны асабістых абставін. Падпісаў паперу і паехаў дадому.

Пад пад’ездам яго чакалі супрацоўнікі міліцыі. З РУУС яму званілі яшчэ а 6-й раніцы ў суботу, але ў хлопца разраджаўся мабільны тэлефон. Аказалася, яму прапанавалі напісаць заяву на тых, хто яго затрымліваў.

«Чакалі мяне, каб напісаў заяву. Мы склалі пратакол, міліцыянт сфатаграфаваў заключэньне мэдыкаў».

Павал ня памятае назву пратаколу, які складаў міліцыянт, але кажа, што расказваў яму пра падзеі вечара 19 чэрвеня. Зь якога РУУС прыяжджаў супрацоўнік міліцыі, хлопец ня ведае.

Тады Павал адмовіўся пісаць заяву, бо ня меў на гэта часу. Цяпер ён яшчэ думае, ці мае сэнс рабіць гэта, і зьдзіўляецца:

«Дзіўна атрымліваецца: спачатку міліцыя зьбівае, а потым міліцыя прыяжджае разьбірацца з гэтым. Няўжо яны некага пакараюць? Тым больш яны [людзі, якія затрымлівалі Паўла] былі ў цывільным і ў масках».

«Вядома, я быў злы, — кажа ён пра свае пачуцьці. — Што тут казаць, калі я ў сваім горадзе не магу проста прагуляцца па вуліцы! Я гэтым незадаволены. І людзьмі, якія гэта робяць. У аднаго зь сяброў пабітая губа».

Цяпер Павал пачуваецца лепш, чым пару дзён таму.

«Гематома пад вокам, сківіца баліць, калі шырока адкрываеш рот. У першыя два дні галава моцна балела, а цяпер больш-менш. Калі рэзка ўстаю ці паварочваю галавой, то кружыцца».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG