Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі такое ўпершыню». Што вядома пра кампанію, якой Лукашэнка дазволіў ужываць зброю


Generic -- Gun
Generic -- Gun

Упершыню ў Беларусі прыватная кампанія атрымлівае для сваіх супрацоўнікаў права насіць і выкарыстоўваць службовую і цывільную зброю.

Указ № 227, які дазваляе супрацоўнікам прыватнай кампаніі «ГардСэрвіс» захоўваць, насіць і выкарыстоўваць службовую і грамадзянскую зброю, кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка падпісаў 18 чэрвеня. Праз два дні ўказ быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале і ўступіў у сілу.

Што вядома пра «ГардСэрвіс»

Адкрытай інфармацыі вельмі няшмат. Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «ГардСэрвіс» зарэгістравана 21 лістапада 2019 году ў падатковай інспэкцыі Маскоўскага раёну Менску. Статутны фонд — 100 рублёў, юрыдычны адрас у офісным будынку на вуліцы Нямізе. Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, «ГардСэрвіс» належыць недзяржаўным юрыдычным асобам і займаецца гарантаваньнем бясьпекі прыватных асобаў і маёмасьці.

Вядома таксама, што «ГардСэрвіс» — не адзіная назва кампаніі. У дакумэнтах таксама фігуруе найменьне «БелСэк’юрыціГруп», аднак актуальнаю можна лічыць менавіта назву «ГардСэрвіс», якая фігуруе ў падпісаных Лукашэнкам дакумэнтах.

Кіраўнік кампаніі «ГардСэрвіс» — Яўген Чанаў. Расказаць пра дзейнасьць фірмы ў тэлефоннай размове спадар Чанаў катэгарычна адмовіўся. На прапанову асабістай сустрэчы паведаміў, што «ня мае для гэтага вольнага часу». У сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» засталася інфармацыя пра выдалены профіль, зарэгістраваны на імя жыхара Менску Яўгена Чанава. Там пазначана, што ён скончыў у 1988 годзе Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную вучэльню.

У верасьні 2018 году Яўген Чанаў даў інтэрвію агенцтву «Спутник», у якім расказаў пра сваё захапленьне жывапісам. Паводле гэтай публікацыі, Яўген Чанаў шэсьць гадоў адслужыў у Мар’інай Горцы, у 5-й брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня. Нарадзіўся ён у расейскім Арзамасе. На момант публікацыі займаўся кансультаваньнем кінэматаграфістаў у пытаньнях зброі і здыманьня сцэнаў зь яе выкарыстаньнем. Партрэты расейскіх знакамітасьцяў аўтарства Яўгена Чанава прадаюцца на інтэрнэт-пляцоўцы па 300–500 эўра за карціну.

Як вынікае з афіцыйных дакумэнтаў, «ГардСэрвіс» пакуль не вядзе актыўнай дзейнасьці. Кампанія не зьмяшчала інфармацыі аб вакансіях, не падпісвала дамоваў на аказаньне паслугаў, а таксама не выступала ў судах у якасьці заяўніка альбо адказьніка. Няма таксама інфармацыі пра яе праверкі і фінансавыя апэрацыі.

Як дазволена выкарыстоўваць зброю супрацоўнікам «ГардСэрвіс»?

Гэта падрабязна апісана ва ўказе кіраўніка дзяржавы. Паводле гэтага дакумэнту, нашэньне, захоўваньне і выкарыстаньне зброі дазволена выключна грамадзянам Рэспублікі Беларусі, якія прайшлі адпаведную праверку ў праваахоўных органах, а таксама ў органах дзяржаўнай бясьпекі. Акрамя зброі, супрацоўнікам «ГардСэрвіс» дазволена ўжываць фізычную сілу.

Пры гэтым кожны з супрацоўнікаў «ГардСэрвіс» будзе абавязаны спыніць выкарыстаньне зброі на першае патрабаваньне супрацоўніка міліцыі. Таксама прыватная ахоўная кампанія ня зможа не дапускаць беларускіх праваахоўнікаў на вартаваныя «ГардСэрвісам» аб’екты.

Ці можна прыраўняць «ГардСэрвіс» да так званых прыватных вайсковых кампаніяў?

«Юрыдычна гэта абсалютна розныя рэчы, — кажа вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін. — Прыватныя вайсковыя кампаніі прызначаныя для дзеяньняў за межамі краіны, калі ўрад ня хоча „сьвяціцца“. Мае свае інтарэсы ў пэўным рэгіёне, хоча вырашыць там пэўныя праблемы, але зь нейкіх прычын адкрыта дзейнічаць там нявыгадна. Як расейская прыватная вайсковая кампанія „Вагнэр“, напрыклад. Альбо былая амэрыканская „Блэкуотэр“. У гэтым выпадку мы маем справу з прыватнай ахоўнай кампаніяй, якая пад эгідай МУС будзе выконваць функцыі пазаведамаснай узброенай аховы. Я думаю, што гэта будзе месца працы для былых супрацоўнікаў МУС. Магчыма, там будуць працаваць былыя службоўцы ўнутраных войскаў».

З словаў Аляксандра Алесіна, у Беларусі прыватная кампанія ўпершыню атрымае магчымасьць так шырока выкарыстоўваць зброю і фізычную сілу.

«На постсавецкай тэрыторыі беларусы аднымі з апошніх арганізавалі нешта такое, — кажа Алесін. — У Беларусі такое ўпершыню. У Расеі такая практыка даўно пашырылася. У эўрапейскіх краінах таксама. На Захадзе да такіх кампаній асаблівае стаўленьне, над імі асаблівы юрыдычны кантроль. Крок улева, крок управа — і адразу суд з усімі наступствамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG