Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад даруе Лукашэнку ўсё. Акрамя крыві


Які міжнародны кантэкст сёлетняй выбарчай кампаніі? З аднаго боку — заява Брусэлю супраць ціску на актывістаў штабоў апанэнтаў Лукашэнкі, з другога — падтрымка з боку лідэра Кітаю, і на гэтым фоне — наступ уладаў на банк, які належыць бюджэтаўтваральнай расейскай карпарацыі. Сытуацыю абмяркоўваюць аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.​

Сьцісла:

Дракахруст:

  • Нядаўна Менск наведаў кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, ён сустрэўся са сваім менскім калегам. Ярмак сказаў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэнецца ў кастрычніку ў Горадні з прэзыдэнтам Беларусі. Прозьвішча прэзыдэнта Беларусі не было названа, але ні зь якімі прадстаўнікамі апазыцыі спадар Ярмак не сустракаўся.
  • Я размаўляў з кіеўскімі экспэртамі, якія падтрымлівалі Майдан. Гэта Яўген Магда і Віталь Портнікаў. І парадаксальна, што яны абодва казалі. Яўген сказаў проста — «Я ня бачу канкурэнта Аляксандру Лукашэнку», а Віталь — «Мне Віктар Бабарыка нагадвае Кебіча ўзору 1994 году». Не Лукашэнку, а Кебіча. Я сабе гэта тлумачу вось як: для ўкраінцаў, асабліва часткі, блізкай да Парашэнкі, Расея — гэта вораг. Адназначны вораг. І таму для іх чалавек, 20 гадоў зьвязаны з «Газпромам» — гэта чалавек, які 20 гадоў працаваў зь іх ворагам. Яны не ўзіраюцца ў дэталі. Выглядае, і для афіцыйнага Кіева — таксама.
  • Нельга выключаць, што і ў подбіўцы заходняй пазыцыі, і эўрапейскай пазыцыі, і асабліва амэрыканскай (а для амэрыканцаў геапалітыка ніколі не была чужая) — аргумэнты, падобныя да ўкраінскіх.

  • Лукашэнка ад самага пачатку будаваў кампанію на тэзе: «Я — абаронца незалежнасьці, я — абаронца ідэнтычнасьці, а з таго боку — агенты Масквы».​

  • Пасьля таго як Менск «адціснуў» газпромаўскі банк, кажуць, што «Масква парве Лукашэнку на кавалкі». Але магчыма, што не. Бо пасол Сямашка ўжо двойчы казаў, што вось у верасьні будзем падпісваць «карты». То бок Лукашэнка падвешвае для Масквы моркаўку і абяцае, што калі вы мяне крыўдзіць ня будзеце, пасьля выбараў са мной вы інтэграцыйныя справы вырашыце. А вось зь іншымі — невядома.

Навумчык:

  • Яшчэ ніколі за 26 гадоў для Лукашэнкі не складаліся нагэтулькі спрыяльныя міжнародныя ўмовы. Захад заняты сваімі праблемамі — пандэміяй, выкліканым ёю эканамічным крызісам, масавымі забурэньнямі, якія з ЗША перакінуліся на эўрапейскі кантынэнт. У Беларусі кагосьці пасадзілі на 15 сутак, не дазволілі пікет? Вы пра што? Паглядзіце — у Лёндане, у Парыжы маніфэстантаў разганяюць вадамётамі і дымавымі шашкамі, колькасьць гарадоў у ЗША, дзе паліцыя супрацьстаіць пратэстоўцам, ідзе на дзясяткі. Я думаю, што ў такіх умовах Лукашэнку даруюць усё — акрамя прымяненьня агнястрэльнай зброі супраць мірнага насельніцтва. Вось калі будзе пяройдзеная «чырвоная рыса», калі будуць забітыя на плошчы — гэтага не даруюць.
  • Увогуле Захад прагматычна глядзіць на сытуацыю, а яна ў тым, што Пуцін узмацняе агрэсіўную антызаходнюю рыторыку і падмацоўвае гэта нарошчваньнем узбраеньняў. У выбары — танкі на 700 км бліжэй да Варшавы, Бэрліну, Парыжу ці на 700 далей — Захад, ясна, абірае другі варыянт. Гэта значыць — незалежную Беларусь. А гарантам гэтай незалежнасьці, падабаецца гэта ці не, Захад успрымае цяпер Лукашэнку, пры ўсіх ягоных мінусах.
  • Ёсьць клясычны выраз, нібыта сказаны нейкім амэрыканскім палітыкам — «Так, гэты дыктатар сукін сын, але гэта наш сукін сын». Яго часам прымянялі, маючы на ўвазе падтрымку Лукашэнкі Масквой. Дык вось цяпер, мне падаецца, Маскву можа замяніць на Захад.
  • Адносна пазыцыі Кіева. Я даўно назіраю, чым адказваюць украінскія палітыкі беларускай апазыцыі на яе ўзьнёслую, эўфарычную падтрымку майданаў — нічым. Ніводзін прэзыдэнт Украіны, які прыйшоў у выніку майданаў, не сустрэўся ніколі зь лідэрамі беларускай апазыцыі. Ва ўсякім разе, я не магу ўзгадаць такую сустрэчу. А вось з Лукашэнкам сустракаюцца ахвотна. Што ж, гэта таксама прагматызм.
  • Я ня згодны з тымі, хто кажа, што Лукашэнка дзейнічае груба, «з пляча». То бок ён, вядома ж, наносіць моцныя ўдары па апанэнтах, але, мне падаецца, яны добра пралічаныя. І тут трэба аддаць належнае ягоным дарадцам у спэцслужбах. Усё няблага пралічана, і пра гэта сьведчыць сытуацыя вакол Бабарыкі.
  • Што да адказу Масквы на нацыяналізацыю расейскага банку, на ціск на Бабарыку. Толькі калі ў Бабарыкі была гутарка сам-насам з Пуціным, і ён, Пуцін, даў цьвёрдыя гарантыі, — толькі ў такім выпадку адказ Масквы быў бы вельмі сур’ёзны. Але я дазволіў бы сабе выказаць сумневы ў рэальнасьці такой сустрэчы. Ну, а гнеў «Газпрому» — гэта ня тое, што можа напужаць Лукашэнку. Таму я прагназую, я нават упэўнены ў гэтым — ніякіх сур’ёзных адмоўных наступстваў для Лукашэнкі гісторыя з банкам мець ня будзе.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG