Аляксандр Лукашэнка, які раней называў сваіх палітычных праціўнікаў марыянэткамі Захаду, цяпер спрабуе гуляць на антырасейскіх настроях ўнутры краіны і на Захадзе, піша карэспандэнт The New York Times у Маскве Эндру Гіґінз.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Даўні аўтарытарны лідэр Беларусі, піша Гігінз, робіць нечаканы новы крок, які, як ён спадзяецца, выкліча да яго сымпатыю на Захадзе — абвінавачвае Расею ва ўмяшаньні ў выбары.
Знаходзячыся ва ўладзе 26 гадоў, Лукашэнка, настолькі разгубіўся з прычыны ўсплёску незадаволенасьці і падтрымкі патэнцыйных супернікаў на выбарах 9 жніўня, што разьвярнуў сваю прапагандысцкую машыну на Маскву, якая раней была яго самым блізкім саюзьнікам і галоўным спонсарам.
На працягу многіх гадоў Лукашэнка маніпуляваў суперніцтвам паміж Усходам і Захадам, каб утрымацца ва ўладзе. Выступаючы ў пятніцу на сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ў Менску, Лукашэнка заявіў, што сарваў змову з мэтай зрабіць рэвалюцыю, арыштаваўшы дзень да гэтага Віктара Бабарыку, патэнцыйнага канкурэнта на выбарах і былога кіраўніка расейскага банку.
Нягледзячы на тое, піша Гігінз, што прэзыдэнт ужо даўно асуджае тых, хто гаворыць па-беларуску, а не па-расейску, і саджае ў турму беларускіх нацыяналістаў, ён сказаў, што не дазволіць нікому пагражаць сувэрэнітэту краіны. «Няма большай каштоўнасьці, чым сувэрэнная і незалежная Беларусь», — заявіў Лукашэнка.
У той жа дзень дзесяткі дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы Менску і іншых гарадоў на знак пратэсту супраць арыштаў, былі затрыманыя сіламі бясьпекі, якія цяпер застаюцца, магчыма, апошняй непахіснай базай падтрымкі Лукашэнкі.
Даўняя сувязь Віктара Бабарыкі з «Газпрамам», які Крэмль часта выкарыстоўваў як геапалітычны інструмэнт, зрабіла яго лёгкай мішэньню.
Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат, Сяргей Ціханоўскі, папулярны відеоблогер і былы бізнэсмэн, таксама быў арыштаваны і абвінавачаны ў сувязях з Расеяй. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што знайшлі каля 1 мільёна даляраў і выказалі здагадку, што грошы паходзяць з Расеі.
The New York Times нагадвае, што ў Беларусі з 1994 году не было выбараў, якія незалежныя назіральнікі палічылі б свабоднымі і справядлівымі. Лукашэнка выйграў пяць прэзыдэнцкіх выбараў запар, і яны часта суправаджаліся жорсткімі рэпрэсіямі.
У мінулым, аднак, рэпрэсіі заўсёды ішлі ўсьлед за галасаваньнем, калі тыя, хто падтрымліваў кандыдатаў апазыцыі, выходзілі на вуліцы, каб пратэставаць супраць фальсыфікаваных вынікаў галасаваньня. На гэты раз Лукашэнка пачаў рэпрэсіі раней, што, паводле Эндру Гігінза, зьяўляецца прыкметай таго, што кіраўнік Беларусі занепакоены іх вынікам.
У Беларусі незалежныя апытаньні грамадзкай думкі жорстка абмежаваныя, а вынікі апытаньняў, якія праводзяцца ўладнымі арганізацыямі, звычайна трымаюцца ў сакрэце.
Але ў красавіку сацыёлягамі Акадэміі навук было праведзена апытаньне, якое паказала, што толькі каля траціны насельніцтва давярае Лукашэнку, які кантралюе ўсе тэлевізійныя і іншыя традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі.
Цяпер, піша газэта, нездаволены Расеяй з прычыны коштаў на энэрганосьбіты і натхнёны паляпшэньнем адносін з Вашынгтонам, Лукашэнка ўсё больш супраціўляецца ціску з боку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з мэтай аб’яднаньня Беларусі і Расеі ў так званую «саюзную дзяржаву», задуманую яшчэ ў 1990-я гады.
Марына Рахлей, беларускі экспэрт зь Нямецкага фонду Маршала ў Бэрліне, сказала The New York Times, што «няма ніякіх доказаў» у падтрымку абвінавачваньняў умяшаньня «Газпраму» або расейскай дзяржавы, і што праблемы Лукашэнкі — гэта пераважна вынікі шырока распаўсюджанай стомленасьці сярод выбаршчыкаў ад яго доўгага знаходжаньня ва ўладзе і з прычыны яго рэакцыі на пандэмію каранавірусу.
«Сытуацыя пагражае выйсьці з-пад кантролю Лукашэнкі», — кажа Рахлей. — Насамрэч ён ня можа прымусіць замаўчаць пратэсты, паколькі яны ў значнай ступені распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках і распаўсюджваюцца, як лясны пажар«.
Маладыя людзі ў Беларусі, піша Эндру Гігінз, даўно крытыкуюць Лукашэнку, які зьвяртаецца пераважна да пажылых грамадзян, асабліва ў сельскай мясцовасьці, якія маюць настальгію па Савецкім Саюзе. Але прэзыдэнцкая кампанія паказвае, што незадаволенасьць выйшла далёка за межы маладых выбаршчыкаў і мае месца нават у беларускім істэблішменце.
Незадоўга да арышту Віктар Бабарыка даў інтэрвію «Эхо Москвы», лібэральнай расейскай радыёстанцыі, кантрольны пакет акцый якой належыць «Газпраму», і пасьмяяўся з абвінавачваньняў у тым, што ён зьяўляецца марыянэткай расейскіх інтарэсаў і што яго падтрымлівае Масква.
Бабарыка адзначыў, што ў мінулым ён падвяргаўся крытыцы ў Расеі за «выкарыстаньне грошай „Газпраму“ для разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху», спасылаючыся на яго рашэньне фінансаваць пераклад твораў Сьвятланы Алексіевіч з расейскай на беларускую мову. Алексіевіч, беларуска, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію 2015 году ў галіне літаратуры, зьяўляецца рэзкім крытыкам пуцінскай Расеі.
«Расейцы заўсёды казалі, што я беларускі нацыяналіст, у той час як беларусы казалі, што я прарасейскі, таму што я працаваў на «Газпрам, — сказаў тады Бабарыка. — Захад не ведае, што і думаць».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.