Падзеі 19 чэрвеня, акцыі пратэсту супраць палітычных рэпрэсій у многіх гарадах Беларусі паказваюць, што грамадзкая актыўнасьць у краіне набывае новую якасьць.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
У чым асаблівасьць ланцугоў і шпацыраў салідарнасьці ў пятніцу?
Па-першае, варта адзначыць іх стыхійны і спантанны характар. Калі акцыя 18 чэрвеня была нібыта працягам чэргаў па збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў і ініцыяваная правацэнтрысцкай кааліцыяй, то падзеі ў пятніцу 19 чэрвеня сталі праявай актыўнасьці і грамадзянскага парыву саміх людзей.
Па-другое, калі акцыі пратэсту ў чацьвер былі толькі ў Менску, то ў пятніцу яны перакінуліся ў рэгіёны, адбыліся ў шмат якіх гарадах.
Па-трэцяе, пратэст набыў новыя формы. Варта ўзгадаць, што пасьля таго, як у Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага, формай пратэсту супраць нахабства ўладаў сталі чэргі па ўсёй краіне, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. То бок пратэст каналізаваўся выключна ў законнае, легітымнае, легальнае рэчышча. Мітынгі былі рэдкімі.
А вось выхад на вуліцы, выстройваньне ў ланцугі, арганізаваны шпацыр, пад акампанэмэнт заклікаў міліцыянтаў, што акцыя незаконная — гэта ўжо выхад за межы таго прававога поля, якое акрэсьлілі ўлады. Гэта крок на адкрытае супрацьстаяньне з уладамі. Маўляў, калі вы самі парушаеце законы, то і мы маем права. Тым больш, што фармальна проста стаяць і хадзіць, здаецца яшчэ не забаронена.
Па-чацьвёртае, міліцыянты і людзі ў цывільным сталі разганяць і хапаць удзельнікаў акцый. Улады спужаліся, што калі не прыпыніць працэс у самым пачатку, то сытуацыя можа моцна раскачацца, праз нейкі час на вуліцы выйдзе ўся Беларусь.
Да таго ж улады ўбачылі, што з дапамогай стрымаў незалежных мэдыяў за пратэстам назірае ўся краіна. Таму пачалося паляваньне на журналістаў.
Нарэшце, пра відэазварот Віктара Бабарыкі. З улікам таго, што, магчыма, гэта яго апошні зварот да грамадзтва ў статусе прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, чакаў нечага большага.
Наконт ідэі правядзеньня рэфэрэндуму аб вяртаньні Канстытуцыі 1994 году. Відавочна, што пры існым рэжыме ягоная ідэя не мае сэнсу.
Рэфэрэндум магчымы толькі па ініцыятыве ўладаў. Любыя спробы ініцыяваць рэфэрэндум зьнізу, з боку грамадзтва, будуць заблякаваныя. Ініцыятыўную групу па збору подпісаў у падтрымку гэтай ідэі сфармаваць не праблема. Але яна не будзе зарэгістравана ЦВК. А без рэгістрацыі зьбіраць подпісы незаконна і бессэнсоўна.
Значыць, гэтую ідэю варта разглядаць як піяр-ход прэтэндэнта. Наколькі ён эфэктыўны? Наколькі беларускаму электарату ўвогуле важная праблема зьмены Канстытуцыі? На мой погляд, гэта не самае галоўнае пытаньне, якое цяпер хвалюе абывацеля.
З усёй гэтай піяр-акцыі вынікае, што, ёсьць праблемы з палітычнай дасьведчанасьцю прэтэндэнта і з паліттэхнолягамі і кансультантамі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.