19 чэрвеня заканчваецца этап збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Прэтэндэнты ў прэзыдэнты заклікалі людзей прыйсьці да выбарчых пікетаў і паставіць свой подпіс.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Свабода вядзе жывую трансьляцыю з апошніх пікетаў для збору подпісаў за кандыдатаў у Менску. Аднак стрыму перашкаджаюць цяжкасьці з інтэрнэтам у цэнтры сталіцы. Карэспандэнты Свабоды працуюць на месцы і ў выпадку перабояў з інтэрнэтам рэпартажы зь месца падзеяў вы ўбачыце пазьней у запісе.
20.00. Затрымліваюць журналістку Свабоды Аляксандру Дынько, якая вяла стрым. Затрымліваюць відэаапэратара Андрэя Рабчыка. Стрым перапыняецца.
19:50. Прадстаўнікі АМАП падыходзяць ледзь не да кожнага чалавека, які застаецца на плошчы, і размаўляюць зь імі. Праз гучнамоўцы чуваць заклікі разысьціся. Вольга Кавалькова кажа, што затрымалі некалькі сябраў яе ініцыятыўнай групы. Кіруе дзеяньнямі сілавікоў на плошчы намесьнік міністра ўнутраных справаў Аляксандар Барсукоў. Зьявіўся АМАП у цяжкой амуніцыі, у касках: прайшлі, паказаліся і зьніклі.
19:48. АМАП затрымлівае аднаго за адным двух чалавек, спрабуе затрымаць фотакарэспандэнта Свабоды. Журналістаў просяць адысьці.
19:40. Людзі пакрысе пачынаюць разыходзіцца. Пад’ехала некалькі аўтазакаў, яны атачаюць пляцоўку ля філярмоніі. АМАПу ўсё более. Яны настойліва, але бяз гвалту адціскаюць людзей. Перакрытыя ўваходы ў мэтро, туды спускаецца частка АМАПу. Перакрыты праспэкт ад Акадэміі Навук да цырку.
19:37 Удзельнік пікету на мікрафон Свабоды:
- Мне вельмі спадабалася, што мы пачалі прачынацца і не баяцца гаварыць.
- Нам важна разумець, што ты не адзін, і той, хто побач — таксама свой.
19:35. Прэтэндэнт у кандыдаты Мікалай Казлоў тлумачыць людзям праз мэгафон, што міліцыя забараніла зьбірацца пасьля 19 гадзінаў і прапануе ўсім разысьціся. Яго падтрымлівае Вольга Кавалькова. Ізноў гучаць аплядысмэнты, якімі ў гэтыя дні выражаюцца самыя розныя эмоцыі — ад падтрымкі да расчараваньня і абурэньня.
19:30. Сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня расказвае карэспандэнтцы Свабоды, што тыдзень таму яго за тое, што зьбіраў подпісы, звольнілі з працы ў Віцебску, са службы таксі «Наталі», а да маці ў Барысаў прыехала міліцыя, шукала сына.
19:25. АМАП спыніўся і таксама пашыхтаваўся ў ланцуг насупраць пратэстоўцаў. Іх каля двух дзясяткаў чалавек. Падчас гэтай выбарчай кампаніі ўпершыню АМАП зьявіўся на пікетах. Відэасыгнал са стрыму ідзе з перабоямі.
19.20. АМАП бяз гвалту выштурхоўвае людзей у бок плошчы Якуба Коласа. Людзі выкрыкваюць на адрас АМАПу "Ганьба!", "Фашысты!" і выказваюць свой пратэст, пляскаючы ў ладкі. Міліцыя па гучнай сувязі папярэджвае, што акцыя несанкцыянаваная.
19.17. Прэтэндэнтка ў кандыдаты ў прэзыдэнты Вольга Кавалькова, якая размаўляла з прадстаўнікамі АМАПу, перадае іх тлумачэньне: ЦВК, маўляў, працуе да 19 гадзінаў, і прэтэндэнты ўжо ня маюць права зьбіраць подпісы. Паводле Кавальковай, гэта незаконна, бо прэтэндэнты маюць права зьбіраць подпісы да 22 гадзінаў.
19:15. Шэраг АМАПу насоўваецца на людзей і выціскае іх з праспэкту ў бок плошчы Якуба Коласа.
19.00. Людзі стаяць уздоўж праспэкта Незалежнасьці, як і напярэдадні, пляскаюць у ладкі. Зьяўляецца АМАП у чорнай форме і чорных масках, пачынае насоўвацца шыхтом на людзей.
18:00. Пікет каля будынку Белдзяржфілярмоніі ў Менску. Людзі выказваюцца на мікрафон Свабоды:
- Першы раз мне неабыякава тое, што адбываецца ў краіне.
- Беларусы, я ганаруся вамі.
- Стрымы Свабоды глядзім усе і дзякуючы ім ужо ўся наша сям'я вывучыла беларускую мову.
- Мы бачылі гэтую недарэчную падставу Ціханоўскага, і адразу пабеглі падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў.
- Мы хочам прэзыдэнта, як Бабарыку: разумнага, талковага, разважлівага, пісьменнага, інтэлігентнасьць у кожным слове.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.