Сябры ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі спрабавалі перадаць у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі 31 тысячу подпісаў за вылучэньне Бабарыкі ў прэзыдэнты.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Гэта подпісы з тых раёнаў, дзе штаб ня меў каардынатараў. Па законе падаць такія дакумэнты маюць права сам Віктар Бабарыка ці кіраўнік штабу — ягоны сын Эдуард.
Паколькі Віктар і Эдуард учора былі затрыманыя, цяпер ніхто ня можа падаць частку подпісаў у раённыя выбарчыя камісіі. Паводле апошняй інфармацыі, абодва яны ў СІЗА КДБ.
«Просім забясьпечыць 19.06.2020 падачу пазначаных аркушоў у пазначаныя камісіі па выбарах з прысутнасьцю Бабарыкі В. Дз. і / або Бабарыкі Э. В. альбо іншым чынам (у іншае месца) у парадку і спосабам, узгодненым з Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў для ўліку пазначаных подпісаў», — гаворыцца ў заяве, якую сябры ініцыятыўнай камісіі далучылі да подпісаў.
«Меркавалася, што нам удасца перадаць падпісныя аркушы Віктару ці Эдуарду ў СІЗА КДБ, каб яны іх падалі сёньня. Можа, пры канваяваваньні ці яшчэ нейкім чынам», — сказалі Свабодзе ў штабе Віктара Бабарыкі.
Але ў прыёмнай КДБ сябрам ініцыятыўнай групы адмовілі, патлумачыўшы, што гэта не кампэтэнцыя органаў дзяржаўнай бясьпекі.
Пазьней усе гэтыя подпісы адвезьлі ў ЦВК.
Там подпісы таксама не прынялі.
«Цэнтральная выбарчая камісія падпісныя аркушы не прымае», — дала пісьмовы адказ Лідзія Ярмошына.
У штабе Віктара Бабарыкі сказалі, што ў такім разе падпісныя аркушы з 31 тысячай подпісаў застануцца «на памяць».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.