Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра латвійскі банк, які кіраўнік Дзяржкантролю згадаў пры абвінавачваньні Бабарыкі


Галоўны офіс банку ABLV у Рызе, архіўнае фота
Галоўны офіс банку ABLV у Рызе, архіўнае фота

Кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, гаворачы пра затрыманьне патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Віктара Бабарыкі, згадаў «адмывачныя» схемы, па якіх нібыта ў замежныя банкі выводзіліся «вялікія сумы валюты». Паводле Тэртэля, адной з такіх структур быў латвійскі банк ABLV. Расказваем, што пра яго вядома.

Што вядома пра латвійскі банк ABLV

Заснавалі яго ў 1993 годзе. Цэнтральны офіс быў у Рызе, прадстаўніцтвы — шмат у якіх краінах сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. ABLV працаваў у трох галоўных кірунках — прыватнае банкаўскае абслугоўваньне, інвэстыцыйныя і кансультацыйныя паслугі.

У 2013 годзе часопіс Euromoney прызнаў ABLV Bank найлепшым банкам Латвіі. У 2016 годзе рух у падтрымку экспарту The Red Jackets прызнаў банк адным з найлепшых латвійскіх брэндаў-экспартэраў. Па аб’ёме актываў і абароце банк уваходзіў у тройку найбуйнейшых у Латвіі пасьля скандынаўскіх Swedbank і SEB.

Крызіс вакол ABLV пачаўся ў лютым 2018 году, калі сетка па барацьбе зь фінансавымі злачынствамі пры Міністэрстве фінансаў ЗША (FinCEN) назвала яго «фінансавай установай, які спэцыялізуецца на адмываньні грошай», і прапанавала накласьці санкцыі.

24 траўня 2018 году Эўрапейскі цэнтральны банк заявіў, што ABLV будзе ліквідаваны ў адпаведнасьці з законамі Латвіі. Акцыянэры ABLV на пазачарговым пасяджэньні прынялі рашэньне аб самаліквідацыі банку, як паведамлялася, для максымальнай абароны інтарэсаў кліентаў і крэдытораў.

Што вядома пра беларускае прадстаўніцтва ABLV

У Беларусі латвійскі банк быў вельмі актыўны. Як паведамлялі Tut.by у Нацбанку, было два пэрыяды, калі ў Беларусі дзейнічалі яго прадстаўніцтвы: у 2006–2009 гадах было прадстаўніцтва Aizkraukles banka, а ў 2011–2013-м — банку пад новай ужо назвай ABLV. Дадзеныя пра колькасьць дазволаў, выдадзеных грамадзянам Беларусі на адкрыцьцё рахункаў у гэтым банку, не падаваліся.

Сёлета ў лютым стала вядома пра арышт Яўгена Цярохіна, які больш за 14 гадоў узначальваў прадстаўніцтва ABLV у Беларусі.

На тэрыторыі якой краіны затрымалі Цярохіна, не ўдакладнялася, але папярэдняе расьсьледаваньне вялі латвійскія і беларускія сьледчыя.

Як паведамлялі Naviny.by са спасылкай на адваката Цярохіна Артурса Звейсалніекса, былога кіраўніка прадстаўніцтва падазравалі ў легалізацыі злачынна здабытых сродкаў у асабліва буйным памеры або ў складзе арганізаванай групы, што паводле латвійскага заканадаўства прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

У Латвіі вялося расьсьледаваньне справы аб адмываньні ня менш як 50 млн эўра праз латвійскі банк ABLV. Па дадзеных Генэральнай пракуратуры Латвіі, удзельнікі злачыннай групы легалізоўвалі сродкі, атрыманыя ў выніку нявыплаты падаткаў і махлярства ў Расеі і Беларусі, паведамлялі Naviny.by.

Пра сувязі Віктара Бабарыкі і «Белгазпрамбанку» з банкам ABLV нічога не вядома.

Свабода паслала запыт у МЗС Латвіі наконт меркаваных незаконных апэрацый былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі з латвійскімі банкамі. Прадстаўнікі міністэрства паабяцалі бліжэйшым часам даслаць адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG