Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць жа плян на ўсялякі выпадак», — былы прэм’ер Беларусі, якога арыштоўвалі напярэдадні выбараў


Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

«Перамены ў Беларусі могуць адбыцца ў любы момант» — так камэнтуе затрыманьне патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта былы кіраўнік Беларусі, прэмʼер-міністар у 1994–1996 гадах, былы старшыня «Белаграпрамбанку» Міхаіл Чыгір.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Чыгір пайшоў у адстаўку з пасады кіраўніка ўраду на знак пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму 1996 году аб зьмене Канстытуцыі. Яго арыштавалі ў 1999 годзе пасьля рашэньня ўдзельнічаць у альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбарах. Абвінавацілі ў «злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі», перавышэньні ўлады і службовых паўнамоцтваў, халатнасьці (абвінавачаньне тычылася гадоў яго працы ў банкаўскай сфэры і на пасадзе прэм’ер-міністра). Выйшаў на свабоду пасьля амаль 9 месяцаў зьняволеньня. Крымінальны перасьлед зазналі жонка і сын Міхаіла Чыгіра. У 2001 годзе ён браў удзел у кампаніі па выбарах прэзыдэнта, але ня быў зарэгістраваны кандыдатам і падтрымаў адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка.

Пра затрыманьне Віктара Бабарыкі Міхаіл Чыгір даведаўся ад Свабоды. Ягоная ацэнка была кароткая: «Вельмі дрэнна. Наступствы будуць для краіны дрэнныя».

— Вы ў свой час вырашылі ўдзельнічаць у выбарах, спадзеючыся на перамены, мяркуючы, што былы кіраўнік ураду, прафэсіянал можа займець падтрымку людзей. У выніку і вы, і ваша сямʼя трапілі пад рэпрэсіі. Цяпер людзі працягваюць рабіць тыя ж самыя ўчынкі, як і вы калісьці...

— Заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць спрабаваць ісьці на выбары і спрабаваць перамагчы. Калі не Чыгір, не Бабарыка, то будуць і іншыя. Знойдуцца.

— Ці сочыце за выбарчай кампаніяй?

— Пагляджу навіны ў інтэрнэце, і ўсё. Няма калі, займаюся сваімі справамі — у мяне пяцёра ўнукаў, участак, пчолы.

— Як былы патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2001 году што б вы маглі сказаць людзям, якія спрабуюць нешта зрабіць?

— Ёсьць жа ў іх нейкі плян на ўсялякі выпадак. Я чытаў, што Бабарыка мае плян. Посьпеху ім у гэтай справе я хачу пажадаць.

— Каму з кандыдатаў у кандыдаты на прэзыдэнта вы найбольш сымпатызуеце?

— Гледзячы на гісторыю постсавецкай прасторы, я бачу, што амаль заўсёды мужчыны кіравалі, за выключэньнем краінаў Балтыі. Я лічу, што лепей было б, каб і ў нас зьявілася жанчына на гэтай пасадзе. Ёсьць такая жанчына — Ганна Канапацкая, юрыстка, як і Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, мае за сьпінай працу ў парлямэнце. Мне яна найбольш сымпатычная, я яе добра ведаю.

— А як ацэньваеце Віктара Бабарыку, якога падтрымлівае вялікая колькасьць людзей?

— Таму і затрыманы, мабыць. Я яго добра ня ведаю, хоць ён і ў банку працаваў.

— Ці памятаеце вы свае адчуваньні, калі вас арыштавалі ў 1999 годзе? Як гэта было?

— Не скажу, што гэта было нечакана. Ня ведаю чаму, але мяне папярэдзілі, што я буду арыштаваны, што мне трэба зьяжджаць. Я лічыў, што супраць мяне нічога няма, што нічога крымінальнага я не рабіў, таму зьяжджаць я не зьбіраўся. Арыштавалі. Адседзеў 9 месяцаў, прыйшоў дадому і забыў пра гэта. Цяпер ня ўдзельнічаю ў палітычным жыцьці.

— Як вы мяркуеце, калі ў Беларусі можа зьмяніцца сытуацыя?

— У любы момант.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG