Беларусь яшчэ ня вызначылася, хто будзе прадстаўляць краіну на саміце «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе 18 чэрвеня ў фармаце відэаканфэрэнцыі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Эўразьвязу 17 ліпеня падчас онлайн-брыфінгу для журналістаў, піша БелаПАН.
«Беларусь запрошана, — сказала прадстаўніца Эўразьвязу. — Але мы не атрымалі канчатковай інфармацыі аб тым, хто будзе ўдзельнічаць заўтра».
Пры гэтым яна адзначыла, што сустрэча заплянаваная на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў як з боку краін Эўразьвязу, так і «Ўсходняга партнэрства».
«Удзельнічаць будуць лідэры. Там ня будзе магчымасьці быць прадстаўленым на міністэрскім узроўні», — сказала прадстаўніца Эўразьвязу.
У МЗС і Савеце міністраў Беларусі БелаПАН не змаглі паведаміць, хто будзе ўдзельнічаць у саміце ад Беларусі. Атрымаць камэнтар у прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант Свабодзе не ўдалося.
Перш саміт «Усходняга партнэрства» плянавалі правесьці ў Брусэлі, але з прычыны пандэміі COVID-19 фармат форуму зьмянілі.
17 чэрвеня ў Эўразьвязе выказалі занепакоенасьць паведамленьнямі пра затрыманьні актывістаў у Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, жорсткае абыходжаньне зь імі з боку сілаў правапарадку, дрэнныя ўмовы ўтрыманьня арыштаваных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Таксама заклапочанасьць ЭЗ выклікае ціск на патэнцыйных кандыдатаў на выбарах: ананімныя пагрозы Сьвятлане Ціханоўскай і дзеяньні, распачатыя супраць Віктара Бабарыкі і ягоных знаёмых (справа «Белгазпрамбанку»).