Жузэп Барэль, высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, пацьвердзіў «моцную прыхільнасьць» Брусэлю да палітыкі «выбудоўваньня агульнай прасторы дэмакратыі, росквіту і стабільнасьці» з шасьцю краінамі «Ўсходняга партнэрства».
Гэта стала вядома зь ліста Барэля да міністраў замежных справаў Эўразьвязу, у якім ён прапануе ім на нефармальнай відэаканфэрэнцыі абмеркаваць супольную пазыцыю для відэасустрэчы з кіраўнікамі краін-удзельніц «Усходняга партнэрства», якая мае адбыцца 18 чэрвеня.
У лісьце, зьмест якога стаў вядомы некаторым СМІ, Барэль адзначае, што Эўразьвяз павінен запэўніць кіраўнікоў шасьці краін-удзельніц Усходняга партнэрства, што доўгатэрміновыя мэты гэтай праграмы застаюцца нязьменнымі.
Барэль таксама адзначае, што кароткатэрміновыя прыярытэты праграмы павінны быць накіраваныя на тое, каб Эўразьвяз дапамог краінам «Усходняга партнэрства» адолець наступствы пандэміі COVID-19. Ён пацьвердзіў раней заяўлены намер Эўразьвязу выдзеліць каля 1 мільярда эўра ў рамках пакету Team Europe на барацьбу з каранавірусам у гэтых шасьці краінах.
Для краін «Усходняга партнэрства» Эўразьвяз выдзеліў 80 млн эўра на неадкладныя патрэбы сыстэмы аховы здароўя і больш за 883 мільёны эўра — на падтрымку сацыяльна-эканамічнага аднаўленьня, галоўным чынам дзяржаўнага сэктару і малых і сярэдніх прадпрыемстваў. З гэтых грошай Беларусь мае атрымаць 60 млн эўра.
Акрамя таго, за сродкі Эўразьвязу Сусьветная арганізацыя здароўя закупіла на суму 30 млн эўра сродкі індывідуальнай засьцярогі для краін «Усходняга партнэрства».