У тэлевізійным выступе вечарам 16 чэрвеня прэзыдэнт Гандурасу Хуан Арлянда Эрнандэс расказаў, што ў яго дыягнаставалі каранавірус, піша Reuters. Цяпер кіраўнік цэнтральнаамэрыканскай дзяржавы працуе дыстанцыйна і атрымлівае дапамогу мэдыкаў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Эрнандэс расказаў, што мае слабыя сымптомы і пасьля пачатку лекаваньня пачуваецца лепей. Заразіліся таксама ягоная жонка (у яе няма сымптомаў), а таксама два памочнікі прэзыдэнта, іх лекуюць.
«Як прэзыдэнт нацыі і адказны грамадзянін, хачу паведаміць, што ў выходныя я пачаў адчуваць дыскамфорт, і сёньня мне паставілі дыягназ —заражэньне COVID-19, — казаў Эрнандэс. — Яны раілі адпачыць, але я буду працаваць дыстанцыйна і праз памочнікаў».
Ён прымае шэраг лекаў, у тым ліку ўжывае цынк, мікрадацын і азытраміцын (лекаў ад COVID-19 няма, але ёсьць сродкі, якія зьмякчаюць сымптомы, а таксама экспэрымэнтальныя лекі, эфэктыўнасьць якіх пакуль не даказалі — азытраміцын у ліку апошніх).
У Гандурасе жывуць амаль столькі ж людзей, колькі ў Беларусі: 9,9 млн супраць 9,4 млн. Там прызналі амаль столькі ж сьмерцяў ад COVID-19, колькі ў Беларусі (330 і 318 адпаведна), але выявілі ў пяць разоў менш выпадкаў каранавірусу (9656 супраць 55 369).
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.