Да назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў Горадні зьвярнуўся мужчына, які назваўся рабочым на будоўлі Беларускай АЭС. Ён расказаў, што паскардзіўся ў Цэнтральную выбарчую камісію на выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу ў зборы подпісаў за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Гарадзенец Сяргей Нікіцін, электразварнік з кампаніі «Гроднапрамбуд», працуе на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС вахтавым мэтадам.
Паводле яго, 1 чэрвеня адміністрацыя паінфармавала яго і калегаў аб зборы подпісаў за Лукашэнку. У падпісных лістах ужо былі надрукаваныя імёны і пашпартныя зьвесткі працаўнікоў, а графа зьвестак пра сябра ініцыятыўнай групы не была запоўненая. Подпісы зьбіралі ў працоўны час супрацоўнікі адміністрацыі.
Як сказаў Нікіцін, шмат работнікаў адмовіліся ставіць подпісы за Лукашэнку. Сваю скаргу ў ЦВК ён накіраваў 16 чэрвеня, калі вярнуўся дамоў з вахты. Адказаць яму маюць цягам трох дзён.
Мужчына сьцьвярджае, што так адбываецца ў ягоным БУ-142, а таксама, як яму расказалі іншыя рабочыя, у БУ-134, БУ-210, БУ-211 і БУ-221. У скарзе ў ЦВК ён просіць вынесьці папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку або не рэгістраваць яго кандыдатам, калі такія выпадкі былі раней.
На шэраг падобных заяваў пра парушэньні скаргу ў ЦВК падавала ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі. У ЦВК заявілі, што праверылі такія заявы і або ня выявілі, хто і на што скардзіўся, або спыталі тых, на каго скардзіліся, і атрымалі адказ, што парушэньняў не было.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.