Зьвесткі пра Валера Цапкалу часьцей шукаюць праз Google жыхары Горадзенскай вобласьці, а пра Віктара Бабарыку — Менскай вобласьці. Свабода паглядзела на папулярнасьць пошукавых запытаў па-расейску напярэдадні выбараў.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Пра Віктара Бабарыку гугляць больш, чым пра Лукашэнку
Запыт «Бабарыка» у Google стаў папулярнейшы ад запыту «Лукашэнка» ў Беларусі на 13 чэрвеня. Папулярнасьць запытаў Google ацэньвае баламі ад 1 да 100. Калі ўзяць чацьвярых асноўных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзыдэнты па рускамоўных запытах, то папулярнасьць выглядае так:
- Бабарыка — 100 балаў
- Лукашэнка — 59 балаў
- Цапкала — 15 балаў
- Ціханоўская — 5 балаў
Сяргей Ціханоўскі абганяў усіх 30 траўня, у дзень затрыманьня
Сяргей Ціханоўскі — кіраўнік ініцыятыўнай групай Сьвятланы Ціханоўскай — цяпер апынуўся за кратамі. Ягоная папулярнасьць была найвышэйшай 30 траўня, ён апераджаў усіх іншых прэтэндэнтаў з 61 балам. У гэты дзень Сяргея Ціханоўскага затрымалі на перадвыбарчым пікеце ў Горадні.
Пазыцыі іншых выглядалі так:
- Бабарыка — 55
- Лукашэнка — 43
- Цапкала — 22
У Google шукаюць, які рэйтынг у Лукашэнкі і біяграфіі іншых прэтэндэнтаў
Запыты па Лукашэнку і іншых прэтэндэнтаў адрозьніваюцца. Напрыклад, разам са словам «Лукашэнка» шукаюць: «Лукашэнка на МТЗ», «апошнія навіны Беларусі і Лукашэнка» і «рэйтынг Лукашэнкі».
А вось іншымі прэтэндэнтамі цікавяцца як прэтэндэнтамі. Разам зь іхнымі прозьвішчамі гугляць сайт, праграму, колькасьць сабраных подпісаў. Цікава, што разам з прозьвішчам Цапкала шукаюць таксама прозьвішча Бабарыка.
Бабарыка найбольш папулярны ў Менскай вобласьці, а Лукашэнка — у Магілёўскай
Цікавая і геаграфія запытаў аб прэтэндэнтах на найвышэйшую пасаду. Запыт «Бабарыка» паводле агульнай статыстыкі за месяц мае 100 балаў у Менскай вобласьці, у іншых менш. Запыт «Лукашэнка» найбольш папулярны ў Магілёўскай вобласьці — таксама 100 балаў, запыт «Цапкала» мае 100 балаў у Горадзенскай вобласьці, а запыт «Ціханоўская» мае 100 балаў у Берасьцейскай вобласьці.