Каля двух дзясяткаў каардынатараў і актывістаў знаходзяцца за кратамі, сама Сьвятлана заяўляе пра званкі з пагрозамі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 16 чэрвеня прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах.
Абноўлена: агулам па Гомлі Ціханоўская падала каля 8 тысяч подпісаў у 5 выбарчых камісій, паведамілі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы.
Сьвятлана пакуль не прыняла канчатковага рашэньня аб далейшых дзеяньнях. Як сказала Свабодзе каардынатарка кампаніі Ціханоўскай у Менску Вольга Паўлава, у сталіцы збор подпісаў працягваецца.
«Мы надалей працуем, зьбіраем подпісы на Камароўцы штодня, — кажа Вольга. — З 12-й да 20-й гадзіны. Усе ахвочыя могуць паставіць свае подпісы. Адзінае — мы зараз стараемся ўсіх папярэджваць, што на гэты момант мы зьбіраем подпісы з гораду Менску і Менскага раёну. Папярэджваем людзей, што калі яны з раённага цэнтру, то мы ня зможам падаць іхны подпіс у камісію.
Мы проста ня маем рэсурсаў, каб падаць сабраныя подпісы ва ўсе гарады. Усё, што мы змаглі, разьмеркавалі па раёнах. У нас няма вольных каардынатараў, якія змогуць дапамагчы перадаць сабраныя подпісы. Папярэджваем чалавека пра гэта. Подпіс прымаем, калі чалавек хоча падпісацца. Але наўрад ці зможам яго падаць».
За дзень да відэазвароту Сьвятланы Ціханоўскай стала вядома пра затрыманьне Аляксандра Кабанава, аднаго з каардынатараў і прэс-сакратара яе ініцыятыўнай групы. З словаў Вольгі Паўлавай, яго лёс на цяперашні момант невядомы.
«Пра Аляксандра Кабанава мы нічога ня ведаем, — кажа жанчына. — Мы ня можам ужо ўсё пракантраляваць. Дзень і ноч раскладваем падпісныя лісты. Вось вы мне тэлефанавалі сёньня, я не магла гаварыць. Хацела хаця б адну гадзіну паспаць. Зараз буду працягваць далей працу. У Менску ўсе так працуюць. Зараз мы вярнулі ўсе пікеты, збор подпісаў працягваецца. Зьбіраюць подпісы пасьля працы, хто як можа. „Мацярык“, Камароўка, там працуем па-ранейшаму».
Як кажа Вольга Паўлава, жыхары Менску, як і раней, актыўна падпісваюцца за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Некаторыя падпісанты далучаюцца да ініцыятыўнай групы як валянтэры.
«Людзі падыходзяць актыўна да пікетаў. Мы прапаноўваем таксама далучацца да нас, стаць валянтэрамі, дапамагаць нам. Нехта пагаджаецца, нехта не, разварочваецца і сыходзіць. Хто застаецца з намі, той працуе. Вельмі шмат хто гатовы дапамагаць. Даюць машыны. Вялікі дзякуй усім за гэта».
Паводле інфармацыі ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, 100 тысяч неабходных для рэгістрацыі подпісаў ужо сабраныя. Аднак пакуль невядома, якое рашэньне прыме Сьвятлана ў бліжэйшы час.
Каардынатары ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў павінны здаць падпісныя лісты ў выбарчыя камісіі да вечара пятніцы 19 чэрвеня.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.