Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спыніцца на гэтым этапе — здрадзіць і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму», — Сьвятлана Ціханоўская


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай сабрала 100 тысяч подпісаў, кажа патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнцкую пасаду. «Фактычна яны ёсьць, але ці пасьпеем мы іх здаць фізычна, бо ўмовы не на нашу карысьць... Але мы вельмі стараемся гэта зрабіць», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары Свабодзе.

Паводле Святланы, на сябраў ініцыятыўнай групы ідзе ціск. «На мяне ціску няма, але эмацыйна і псыхалягічна вельмі цяжка», — дадала яна.

Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай трапляюць пад адміністрацыйныя арышты, кіраўнік групы — яе муж, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, прызнаны палітвязьнем, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Нядаўна яго зьмясьцілі ў карцар «за парушэньне ўнутранага распарадку СІЗА».

Святлана мусіць паехаць па беларускіх гарадах, каб самастойна здаць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі.

«Мне трэба зрабіць гэта (здаць подпісы. — РС) дзеля Сяргея і людзей, якія так шмат працавалі, зьбіралі подпісы ў дождж і сьпёку, якія стаялі ў вялікіх чэргах, каб падпісацца. Я буду старацца, каб паказаць, што мы здолелі гэта зрабіць (сабраць 100 тысяч. — РС). Спыніцца зараз было бы здрадай і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму, прыйшлі за яго падпісвацца. Тое, што я апынулася на перадавой — гэта проста так атрымалася. Я падвесьці яго проста не магу. Калі каханьне — то да канца», — патлумачыла Святлана Ціханоўская.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG