Жанчыны, якія зьяўляюцца сябрамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), накіравалі зварот на імя генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.
Падставай стала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонага наведваньня Менскага трактарнага заводу, калі ён заявіў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну, і грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну».
«Лічым, што такое нэгатыўнае выказваньне зьяўляецца наўпроставай дыскрымінацыяй паводле гендэрнай прыкметы, чым парушаюцца нашы правы як грамадзянак», — адзначаецца ў заяве.
Артыкул 8 Канстытуцыі Беларусі прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забясьпечвае адпаведнасьць ім заканадаўства, працягваюць аўтаркі скаргі, такім чынам, беларуская дзяржава павінна выконваць палажэньні Канвэнцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.
Артыкул 1 Канвэнцыі ААН тлумачыць, што дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын азначае абмежаваньне паводле прыкметы полу, перашкоды ў рэалізацыі жанчынамі, незалежна ад іх сямейнага становішча, правоў і асноўных свабодаў у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай, грамадзянскай ці любой іншай галіне жыцьця.
Згодна з артыкулам 7 Канвэнцыі ААН, дзяржавы-удзельніцы прымаюць абавязаньні ліквідаваць усе формы дыскрымінацыі жанчын у палітычным і грамадзкім жыцьці краіны. У прыватнасці, дзяржава абавязаная забясьпечыць жанчын на роўных умовах з мужчынамі права быць абранымі ва ўсе публічныя ўстановы, удзельнічаць у фармуляваньні і ажыцьцяўленьні палітыкі ўраду і займаць дзяржаўныя пасады.
У артыкуле 22 замацавана: усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
Артыкул 32 гарантуе жанчынам роўныя з мужчынамі магчымасьці ў атрыманьні адукацыі і прафэсійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэньні па службе, а таксама стварэньне ўмоваў для аховы іх працы і здароўя.
«Дыскрымінацыя паводле гендэрнай прыкметы зьневажае ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і дыскрыдытуе дзяржаву на міжнароднай арэне»,— адзначаюць жанчыны зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
На падставе выкладзенага, згодна з артыкулам 14 закону «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь», яна патрабуюць:
- Прыняць захады дзеля аднаўленьня правоў і законных інтарэсаў грамадзянак Рэспублікі Беларусь
- Прыцягнуць парушальніка ў асобе Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці, вызначанай заканадаўчымі актамі
- Даць кампэтэнтны адказ на ўказаныя факты дыскрымінацыі.