Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За выказваньне пра «Канстытуцыю не пад жанчыну» на Лукашэнку паскардзіліся ў ЦВК


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Уладальніца менскага бару «Сіняя каза» і двух манікюрных салёнаў, жыхарка Менску Ксенія Фёдарава расказала на Facebook 1 чэрвеня, што зьвярнулася ў Цэнтральную выбарчую камісію са скаргай на выказваньне Аляксандра Лукашэнкі.

«І ўжо вушы тырчаць у гэтага чалавека, — казаў Лукашэнка 28 траўня пра блогера Сяргея Ціханоўскага. — Ён нават не кандыдат у прэзыдэнты, за жонку там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі. Вось я часта кажу: Натальля Іванаўна (старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. — РС), за цябе таксама не прагаласавалі б, хоць ты... гатовы прэзыдэнт.

У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас паводле Канстытуцыі прэзыдэнт мае моцную ўладу. У нас прэзыдэнт — не Літва. Там прэзыдэнт была Даля Грыбаўскайце, прыйшла, паўсьміхаліся, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парлямэнцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы».

Фёдарава расказала, што ў апошнія дні ўспамінае сваіх бабак Соню і Пелагею — адна выгадавала пяцярых дзяцей, другая чацьвярых. У ейным дзяцінстве ў вёсках «жылі практычна адныя старыя бабкі, дзяды не дажывалі ці іх было нікчэмна мала», і жанчыны вялі «неверагодна цяжкае жыцьцё», пасьля вайны «падымалі калгасы ў прамым сэнсе — на іх аралі, яны гадавалі дзяцей, вялі сваю гаспадарку і працавалі за трудадні».

«Іх паважалі і трохі нават пабойваліся старшыні калгасаў, і нават у тыя страшныя часы нікому і ў галаву не прыйшло б сказаць, што жанчына знаходзіцца ня ў роўных правах з мужчынамі», — піша Фёдарава.

Яна лічыць выказваньне Лукашэнкі абразьлівым і для сябе, і для памяці продкаў, і для ўсіх сучасных дзяўчат і жанчын краіны. Зварот у ЦВК яна назвала сваім грамадзянскім абавязкам.

У звароце, тэкст якога Фёдарава прывяла ў камэнтары да допісу, яна нагадвае, што Канстытуцыя Беларусі дае жанчынам і мужчынам роўныя правы, ніяк не забараняе жанчынам прэтэндаваць на пасаду кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, Беларусь удзельнічае ў большасьці міжнародных інструмэнтаў абароны правоў чалавека, у тым ліку Канвэнцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын. Праз гэта, піша Фёдарава, існаваньне «закону не пад жанчыну» наўпрост супярэчыць і міжнароднаму статусу, і абавязкам рэспублікі.

Да таго ж, заяўляе яна, выступам на МТЗ 28 траўня Аляксандар Лукашэнка парушыў забарону на агітацыю, якая трывае да рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. За гэта і за выказваньне пра жанчын яна просіць ЦВК вынесьці Лукашэнку два асобныя папярэджаньні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG