Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 10 скаргаў прыйшло на Лукашэнку за словы «ў нас Канстытуцыя не пад жанчыну». Што адказала ЦВК


Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 25 траўня
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 25 траўня

У адказе Цэнтральнай выбарчай камісіі гаворыцца, што для вынясеньня папярэджаньня Аляксандру Лукашэнку «няма прававых падстаў».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Як адзначаецца ў адказе, у ЦВК «паступілі шматлікія звароты» наконт выказваньняў Лукашэнкі, якія, на думку аўтараў зваротаў, маюць дыскрымінацыйны характар у дачыненьні да беларускіх жанчын і парушаюць артыкул 47 Выбарчага кодэксу.

Свабода раней пісала пра адну з скаргаў на выказваньне Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі «Канстытуцыя не пад жанчыну», якое аўтарка скаргі, уладальніца менскага бару «Сіняя каза» і двух манікюрных салёнаў, жыхарка Менску Ксенія Фёдарава назвала «абразьлівым і для сябе, і для памяці продкаў, і для ўсіх сучасных дзяўчат і жанчын краіны».

У адказе, які ЦВК апублікавала на сваім інтэрнэт-сайце, не палічыўшы патрэбным даслаць адказы на звароты заяўнікам («на падставе пункту 7 арт. 25 беларускага Закону „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў“») тлумачыцца, што артыкул 47 Выбарчага кодэксу, які ўстанаўлівае абмежаваньні пры правядзеньні перадвыбарнай агітацыі, не ўжываецца да тых, хто вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты, «паколькі ў ім прадугледжаныя патрабаваньні да агітацыйнай дзейнасьці кандыдатаў у прэзыдэнты пасьля іх рэгістрацыі».

Паняцьця заўчаснай агітацыі, на якую ўказваюць заяўнікі, выбарчае заканадаўства ня ўтрымлівае, адпаведна, прававых падстаў для вынясеньня папярэджаньня Лукашэнку няма, гаворыцца ў адказе ЦВК, а «пазыцыя аўтараў зваротаў адлюстроўвае іх асабістую думку».

28 траўня Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра блогера Сяргея Ціханоўскага, які «нават не кандыдат у прэзыдэнты, за жонку там дбае». Лукашэнка сказаў, што Ціханоўскі «разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі».

«У нас Канстытуцыя не пад жанчыну. І ў нас грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну. Таму што ў нас паводле Канстытуцыі прэзыдэнт мае моцную ўладу. У нас прэзыдэнт — не Літва. Там прэзыдэнт была Даля Грыбаўскайце, прыйшла, паўсьміхалася, пасядзела і пайшла. Ні за што не адказвае, таму што там парлямэнцкая рэспубліка. У нас — не. Прэзыдэнтам будзе мужык, я ў гэтым абсалютна перакананы», — заявіў Лукашэнка.

Ягоныя словы публічна скрытыкавалі многія беларускія жанчыны, у тым ліку кандыдаткі ў прэзыдэнты на выбарах розных гадоў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG