Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР узарвала офіс для сувязяў з Паўднёвай Карэяй у памежным Кэсоне


Паўночнакарэйскі блокпост на мяжы
Паўночнакарэйскі блокпост на мяжы

У паўночнакарэйскім горадзе Кэсон 16 чэрвеня адбыўся выбух у непасрэднай блізкасьці ад офісу для міжкарэйскіх сувязяў. Паводле зьвестак паўднёвакарэйскага Міністэрства ў справах аб’яднаньня, будынак офісу цалкам разбураны. Назіральнікі паведамляюць, што над пляцоўкай падымаецца чорны дым.

Некалькі дзён таму сястра лідэра КНДР Кім Чэн Ына Кім Е Чжон сказала: «Мы ўбачым трагічную карціну: як абрынецца і будзе цалкам зьнішчаны бескарысны офіс для сувязяў». Пасьля гэтага, паводле паўднёвакарэйскай няўрадавай арганізацыі Choson Exchange, «два дні таму з Паўночнай Карэі было атрымана паведамленьне праз электронную пошту, у якім гаварылася, што офіс для міжкарэйскіх сувязяў у Кэсоне будзе немінуча разбураны».

Паводле зьвестак арганізацыі, паўночнакарэйскі бок зьвярнуў увагу на «брак прагрэсу ў міжкарэйскіх дачыненьнях».

За некалькі гадзін да выбуху вайскоўцы КНДР зрабілі заяву аб плянах вярнуцца ў дэмілітарызаваную зону. Таксама на мінулым тыдні ўлады КНДР абвясьцілі, што спыняюць кантакты з Сэулам праз усе існыя каналы сувязі.

Офіс знаходзіўся ў горадзе Кэсон у так званай дэмілітарызаванай зоне на мяжы дзьвюх дзяржаваў. Гэтая зона шырынёй 4 км згодна з пагадненьнямі 1953 году падзяляе Карэйскі паўвостраў на дзьве часткі.

У 2018 годзе, неўзабаве пасьля прыходу да ўлады ў ЗША Дональда Трампа, пачаўся працэс збліжэньня дзьвюх Карэяў. У навагоднім звароце да нацыі Кім Чэн Ын абвясьціў, што 2018 год стане для карэйскага народу «вельмі важным» і што Пхэньян адкрыты да дыялёгу зь Сэулам. Пасьля нядоўгіх перамоваў краіны дамовіліся аб удзеле ў зімовых Алімпійскіх гульнях сумеснай жаночай хакейнай каманды.

Неўзабаве пасьля завяршэньня Гульняў зьявіліся першыя паведамленьні, што Кім Чэн Ын гатовы пачаць перамовы з Дональдам Трампам асабіста пра ператварэньне Карэйскай паўвыспы ў бязьядзерную зону — у абмен на зьняцьце з КНДР амэрыканскіх санкцыяў. Потым адбылася таемная сустрэча дырэктара ЦРУ (а цяпер дзяржаўнага сакратара ЗША) Майка Пампэо з Кім Чэн Ынам у Пхэньяне, а ў Паўночнай Карэі пасьля яе заявілі, што прыпыняюць усе ядзерна-ракетныя выпрабаваньні і закрываюць палігон, на якім яны праводзіліся.

27 красавіка Паўночная і Паўднёвая Карэі дамовіліся аб ядзерным раззбраеньні. Дэмілітарызаваную зону паміж краінамі абвясьцілі зонай міру. Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын і прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ян таксама дамовіліся «скончыць стан часовага замірэньня і прынесьці мір на ўсю Карэйскую паўвыспу».

Аднак шырока анансаваная сустрэча Кім Чэн Ына з Трампам так і не адбылася, і ў апошні год адносіны ЗША і КНДР, а таксама КНДР і Паўднёвай Карэі вярнуліся да зыходнага пункту. Лёс Кім Чэн Ына ў апошнія месяцы застаецца невядомым: у траўні зьявіліся чуткі, што ў яго сурʼёзныя праблемы са здароўем, пасьля чаго кіраўнік КНДР перастаў зьяўляцца на публіцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG