Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія мэдыя: на выбарах у Беларусі адназначна прымальнага для Расеі кандыдата няма

абноўлена

Збор подпісаў каля Камароўскага рынку ў Менску. 14 чэрвеня 2020
Збор подпісаў каля Камароўскага рынку ў Менску. 14 чэрвеня 2020

Расейскія сродкі масавай інфармацыі паведамляюць сваім чытачам падрабязнасьці выбарчай кампаніі ў Беларусі. Публікацыі пераважна носяць інфармацыйна-азнаямленчы характар зь пералікам прэтэндэнтаў, радзей сустракаюцца спробы аналізу.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Коммерсантъ»: Канкурэнтаў Лукашэнкі нэўтралізуюць з дапамогай крымінальных спраў

Газэта «Коммерсантъ» у артыкуле «Кандыдаты ў казематы», прыводзіць меркаваньне праўладнага экспэрта Пётры Пятроўскага, які лічыць, што Расея зацікаўленая ў пагаршэньні дачыненьняў Беларусі з Захадам, каб пагоршыць беларускія пазыцыі на перамовах з Расеяй.

Адносна саміх выбараў «Коммерсантъ» піша:

«Засталося пяць дзён да завяршэньня збору подпісаў у падтрымку тых, хто вырашыў прыняць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Падпісная кампанія выявіла фаварытаў і ўжо паказала, каго беларускія ўлады лічаць найбольш нязручнымі апанэнтамі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Такіх спрабуюць нэўтралізаваць з дапамогай крымінальных спраў і кампрамату. Пры гэтым у Менску ўжо не намякаюць, а адкрыта кажуць пра „расейскі сьлед“ у перадвыбарчай гульні супраць спадара Лукашэнкі».

«Огонёк»: беларусы ня тая нацыя, што гатовая рызыкнуць у апошні момант

Часопіс «Огонёк» у артыкуле «Беларускія горкі» таксама пералічвае ўдзельнікаў перадвыбарчай гонкі ў Беларусі і пераказвае асноўныя апошнія падзеі.

Сярод іншага расказваецца пра адзіны пікет збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Менску, які называецца «спэктаклем», бо людзей туды падвозілі на аўтобусах:

«З боку падобныя спэктаклі, несумненна, выглядаюць вартымі жалю. Але гэта не выключае таго, што цяперашняга прэзыдэнта ўсё роўна падтрымлівае большая колькасьць беларусаў. З прычыны страху перад пераменамі, бо ня бачыць альтэрнатывы, ці нават пад пагрозай непадаўжэньня працоўнага кантракту — ня так важна. Факт: галасаваць за яго зноў пойдуць».

На думку журналістаў «Огонька»:

«Менавіта таму стратэгія „Супраць Лукашэнкі“, якую так напорыста прасоўвае Ціханоўскі, хутчэй за ўсё, асуджаная. Для таго каб зьмянілася ўлада, недастаткова адной толькі незадаволенасьці. Павінен быць яшчэ і чалавек, здольны прапанаваць нешта наўзамен. Ці па сілах гэтая роля Віктару Бабарыку або Валеру Цапкалу? Нягледзячы на наяўнасьць цікавага бэкграўнду і нядрэнных ініцыятыўных камандаў, абодва для насельніцтва краіны ў цэлым людзі, „якія зьявіліся перад самымі выбарамі“. А беларусы сапраўды ня тая нацыя, якая гатовая рызыкнуць у апошні момант».

«Газета.ру»: для Расеі на выбарах у Беларусі адназначна прымальнага кандыдата няма

Выданьне «Газета.ру» падрабязна расказвае сваім чытачам пра Сяргея Ціханоўскага, а таксама Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Апошнія два, на думку выданьня, змагаюцца за стварэньне ў Беларусі эфэктыўнай дзяржавы.

«Газета.ру» зьвяртае ўвагу, што

«Для Расеі, якая спрабавала ў апошнія гады перазапусьціць Саюзную дзяржаву і ўмацаваць інтэграцыю зь Беларусьсю, адназначна прымальнага кандыдата на гэтых выбарах няма... Аляксандар Лукашэнка, нягледзячы на ўсе абяцаньні, адкрыта сабатаваў падпісаньне дарожных карт інтэграцыі. Нягледзячы на саступкі Масквы ў пэўных пытаньнях, намечанае на сьнежань 2019 году падпісаньне не адбылося да гэтага часу».

Зрэшты, піша на заканчэньне «Газета.ру», іншых кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта Беларусі таксама нельга назваць прарасейскімі:

«Сыстэмная апазыцыя традыцыйна сымпатызуе нацыяналістычным настроям. Ганна Канапацкая нават зьбірала подпісы за дэнансацыю Саюзнай дамовы Расеі і Беларусі. Сяргей Ціханоўскі быў арыштаваны за акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй. Бабарыка тэму адносінаў з Расеяй стараецца акуратна абыходзіць, аднак вядома, што ён зьяўляецца спонсарам шэрагу нацыяналістычных празаходніх мэдыя-праектаў. У падтрымку інтэграцыі з Расеяй пакуль адкрыта выказаўся толькі Цапкала».

«Независимая газета»: у Беларусі магчымы армянскі сцэнар зьмены ўлады

Выданьне «Независимая газета» сьцьвярджае, што атака ўладаў Беларусі на актывістаў кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай скіраваная на фіксацыю імёнаў патэнцыйных удзельнікаў пратэстаў з мэтай іх будучай нэўтралізацыі:

«Па традыцыі рэпрэсіі супраць сваіх палітычных канкурэнтаў Лукашэнка будзе прыкрываць спасылкамі на Расею, каб адысьці ад крытыкі з боку Захаду. Беларускае тэлебачаньне вядзе нябачаную паводле размаху інфармацыйную кампанію на карысьць дзейнага кіраўніка дзяржавы, чым адкрыта парушае выбарчае заканадаўства. Лукашэнка спрабуе выставіць сябе ў ролі ахвяры нібыта рэальнага ўмяшаньня „расейскіх алігархаў“ у беларускія выбары. Праведзеныя ператрусы ў Белгазпрамбанку, акцыянэрамі якога зьяўляюцца „Газпром“ і „Газпромбанк“, — гэта відавочнае жаданьне беларускай улады ўцягнуць Расею ў выбарчую кампанію. Раскручваецца вэрсія аб расейскім сьледзе знойдзеных пад канапай на дачы ў блогера Сяргея Ціханоўскага 900 тыс. даляраў. Паводле адной з вэрсій, задача вулічнага актывіста заключаецца ў „выпусканьні пары“ незадаволеных уладай грамадзян, з чым ён пакуль спраўляецца. Арышты некалькіх соцень чалавек і сабраныя подпісы за жонку блогера дазваляюць уладам сфармаваць пайменны сьпіс патэнцыйных удзельнікаў пратэсту. Але, як паказвае практыка, вулічныя акцыі могуць пайсьці не па сцэнары, а то і зусім паўстаць спантанна, як нядаўна ў ЗША».

Таксама «Независимая газета» сьцьвярджае, што ў Беларусі на сёньняшні момант існуе імавернасьць паўтарэньня армянскага сцэнару зьмены ўлады:

«За два месяцы да дня галасаваньня немагчыма адназначна прадказаць, як на гэты раз скончацца прэзыдэнцкія выбары. У Беларусі на цяперашні момант склалася перадрэвалюцыйная сытуацыя, якая альбо затухне, альбо ў жніўні можа паўтарыцца аналягічны армянскаму сцэнар зьмены ўлады. Трэба быць гатовымі да зусім нечаканага выніку. Усё ў руках выключна беларускага народу і першага прэзыдэнта Лукашэнкі, які яшчэ можа сказаць сваё апошняе слова ў гэтай «вакханаліі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG