Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве каманда Ціханоўскай працягвае перадвыбарчыя пікеты


У Магілёве 14 чэрвеня збор подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва праходзіў з выбарчым пікетам Сьвятланы Ціханоўскай.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі>>

11 чэрвеня Ціханоўская абвясьціла, што прыпыняе зьбіраць подпісы ў Менску і абласных цэнтрах, асьцерагаючыся затрыманьня чальцоў сваёй ініцыятыўнай групы і правакацыяў на пікетах.

Кацярына Таланкова, магілёўская актывістка з каманды Ціханоўскай кажа, што яна і яе валянтэры выйшлі зьбіраць подпісы, каб не падводзіць тых, хто не пасьпеў падпісацца за прэтэндэнтку ў мінулыя дні і «ня ставіць пад удар яе аўтарытэт».

Кацярына Таланкова
Кацярына Таланкова

«Мы ж усю перадвыбарчую кампанію заклікалі людзей прыходзіць у выхадныя дні на пікеты, каб падтрымаць Сьвятлану, а таксама затрыманых актывістаў ейнай ініцыятыўнай групы, — тлумачыць Таланкова. — За мінулыя выхадныя нам пакінулі подпісы 611 чалавек і мы разьлічвалі, што і сёньня гэтак жа будзе. Вядома ж, ажыятаж спаў. Людзі падыходзяць, але чэргаў ужо няма».

На пляцоўцы перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм», якая за 300 мэтраў ад будынку Магілёўскага гарвыканкаму, выбарчыя пікеты, акрамя Ціханоўскай, разгарнулі ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Сяргея Чэрачня.

Часам ля пікетаў зьбіралася адначасова да двух дзясяткаў ахвотных падтрымаць альтэрнатыўных вылучэнцаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду Беларусі. У мінулыя выхадныя чарга расьцягвалася да 70 мэтраў.

«Доўга ля ўлады аднаму чалавеку знаходзіцца нельга, — выказваецца адзін з падпісантаў. — Такі кіраўнік пачынае жыць у сваім сьвеце, ня бачачы сваіх памылак. Адсюль і заявы кшталту „краіну нікому не аддасьць“, але гэта ж не ягоная краіна, а наша, таму будзем мяняць сытуацыю».

Наступныя суразмоўцы кажуць, што ўжо падтрымалі сваімі подпісамі ўсіх незалежных вылучэнцаў і тым самым выказаліся супраць «аднаго і адзінага, які кіруе Беларусьсю 26 гадоў».

«Апошнія падзеі з затрыманьнямі і ягоныя неадназначныя выказваньні наганяюць страху, — прызнаюцца суразмоўцы. — Кіраўнік дзяржавы ня мусіць палохаць сваіх суайчыньнікаў. Людзі абураныя такімі паводзінамі і гэта адбіваецца на тым, што яны больш актыўна падтрымліваюць альтэрнатыву».

Пікеты ў Магілёве прайшлі без эксцэсаў зь міліцыяй. На пляцоўцы праваахоўнікаў у форме наагул не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG