У пятніцу, 12 красавіка, Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Сьледчага камітэту і афіцыйныя тэлеканалы паведамілі, што да справы «Белгазпрамбанку» датычны і былы кіраўнік. Але яго імя падчас гэтых выступаў не прагучала ані разу.
11 чэрвеня ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку» і ў людзей, зьвязаных зь яго былым кіраўніком Віктарам Бабарыкам, адбыліся ператрусы. Яны праходзілі ў рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
Сёньня пра гэтую справу ўзгадваў падчас візыту ў Полацак кіраўнік краіны, які рэзка выказаўся пра былога кіраўніка банку. У другой палове дня пра датычнасьць да справы экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» заявіў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Церцель і перадалі афіцыйныя тэлеканалы. Але ў ніводным з гэтых выказваньняў не прагучала імя Віктара Бабарыкі, які і зьяўляецца экс-дырэктарам «Белгазпрамбанку».
Што сказаў Лукашэнка
«Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто ня мае, гэта яны там... — заявіў Лукашэнка. — Слухайце, яны ўсе былі ня толькі ў яго намесьнікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 году. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёньня? Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намесьнікамі. І ўсё, што там тварылася, магло без кіраўніка адбывацца? Не».
«Працавалі па гэтым банку і па іх з 2016 году. Выявілі вывядзеньне грошай, замежныя рахункі, замежную ўласнасьць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лёндане... Але замежнікі інфармацыю нам (з 2016 году мы прасілі) далі толькі ў сьнежні мінулага году. Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеяньні. Таму зьявіліся пытаньні», — сказаў Лукашэнка.
Што сказаў Церцель
«Не магу сабе ўявіць, што тое, што чынілася ў банку намесьнікамі, магло быць невядомым кіраўніку. Магу пацьвердзіць, што цяпер у нас ёсьць пераканаўчыя доказы ягонай датычнасьці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасьці», — сказаў Церцель.
На гэты момант па справе затрыманыя 15 чалавек.
«Гэта топ-мэнэджэры, у тым ліку намесьнікі кіраўніка банку, кіраўнікі рознага ўзроўню, а таксама прадстаўнікі камэрцыйных структураў (у асноўным былыя супрацоўнікі банку)», — заявіў старшыня Дзяржкантролю.
Імя і прозьвішча Віктара Бабарыкі прагучала толькі ў пытаньні прадстаўніцы агенцтва Белта Сьвятланы Саўко да Івана Церцеля, але сам ён імя Бабарыкі не ўзгадаў. Не былі паказаныя і відэакадры зь яго ўдзелам.