Свабода працягвае сэрыю публікацыяў пра беларускіх доўгажыхароў. Суразмоўцы расказваюць пра перажытае і пра тое, як пандэмія каранавірусу 2020 году зьмяніла іхнае жыцьцё.
Жыхар мястэчка Копысь, што ў Аршанскім раёне, Антон Сямёнавіч Навуменка адзначыў 100-гадовы юбілей 29 студзеня 2020 году. Большую частку жыцьця ён працаваў лесьніком. 14-гадовым юнаком пазнаёміўся зь Янкам Купалам. Сваё доўгае жыцьцё местачковец пражыў на Аршаншчыне. Азіраючы мінулае, ён кажа: шчасьлівым быў, калі працаваў і мог хадзіць.
«У лесе пачуваўся вальнейшым»
Антон Навуменка — найстарэйшы жыхар Копысі. У гэтым мястэчку на беразе Дняпра ў 1985 годзе ён купіў хату, каб быць бліжэй да сястры. Мясьціны ля Копысі яму не чужыя. Не адзін дзясятак гадоў стары адрабіў у тутэйшых лясах лесьніком. Нямала гектараў мясцовай пустэчы ён з памагатымі засеяў сасонкамі. Пакуль трымалі ногі, часта выбіраўся «ў свой сасоньнік», каб наслухацца, як ён шуміць.
«Любоў да лесу мне прышчапіў бацька, таксама лясьнік, — апавядае ён. — У лесе я пачуваўся вальнейшым, і дыхалася мне на поўныя грудзі».
Антон Навуменка па доме соўгаецца з трысьцінаю і ўслонам. З хаты не выходзіць. Сьвет бачыць у вакно. Кажа, што ногі занядужалі, бо ў маладосьці шмат хадзіў і тады пра немач у старасьці ня думаў. Прыглядае старога малодшая дачка Аксана. Тройчы на тыдзень наведвае яго сацыяльны работнік. Са стагодзьдзем прыходзіла віншаваць дэлегацыя зь сельсавету.
«Хіба гэта жыцьцё — зь лекамі, — наракае ён. — Як яго магу назваць шчасьлівым? Ляжу ў ложку, мала хаджу. А шчасьлівым я быў, як працаваў ды сам зарабляў».
«Каранавірусу людзі баяцца, бо прыходзіць зьнянацку»
Пра страхі ад каранавірусу Антону Навуменку расказваюць блізкія. Маштабы эпідэміі ацэньвае з таго, што бачыць у тэлевізіі. Кажа, што пандэмія на ягонае жыцьцё асабліва не паўплывала, бо ў людзі цяпер не выбіраецца. Разам з тым не хавае, што баіцца заразіцца сам і заразіць іншых.
«Хачу памерці сваёй сьмерцю, а не ад гэтай пошасьці, — дзеліцца ён сваім неспакоем. — Гэты каранавірус прыходзіць зьнянацку, таму людзі яго так і баяцца».
Стары кажа, што за сваё жыцьцё пра падобную эпідэмію яму чуць не даводзілася. «Людзі і раней хварэлі ды паміралі, але каб немач ахоплівала столькі народу адразу і каб мерлі ў такой колькасьці, то такога не было, — разважае ён. — Мне ўсё ж думаецца, што мы ня вымрам. Разам адужаем хваробу...»
«Нядолі хапала...»
Нарадзіўся Антон Навуменка ў вёсцы Зубава, якая за 20 кілямэтраў ад Воршы. Акрамя яго, у Сямёна і Прасіньні Навуменкаў было яшчэ восем дзяцей.
У 1924-м Навуменкам вылучылі 6 гектараў зямлі і яны перабраліся на хутар. У той час у Беларусі з ініцыятывы наркама земляробства Зьмітра Прышчэпава пачалі ажыцьцяўляць пяцігадовы плян разьвіцьця лясной і сельскай гаспадаркі на прыкладзе Даніі. Сялянам прапаноўвалі перасяляцца на хутары і дробныя паселішчы, якія разглядаліся як найбольш эфэктыўныя формы гаспадараньня на зямлі. Пазьней савецкія ідэолягі назавуць такія гаспадаркі «кулацкімі», а Прышчэпава асудзяць на расстрэл і ён памрэ ў турме.
Сям’я Навуменкаў гаспадарамі на хутары адчуць сябе не пасьпела. У 1929 годзе ў Зубаве надумалі арганізаваць камуну. Маёмасьць сялянаў абагулілі, а хутаран змусілі вярнуцца ў вёску. Праз 8 месяцаў камуну распусьцілі і неўзабаве абвясьцілі пра стварэньне калгасу «Пралетарый». Забраную сялянамі з камуны маёмасьць абавязалі вярнуць.
«Бацьку нічога не заставалася, як пайсьці ў калгас. У яго ён запісаўся адным зь першых, — апавядае стары. — Ураджаі ў калгасе былі кепскія. Працавалі за „палачку“. Дзень адрабіў — яе паставілі, а потым на такі „заробак“ давалі жменьку збожжа ды трошку грошай».
Ён кажа, што ягоная сям’я жыла бедна і нярэдка галадала. Маці хадзіла да суседзяў пазычаць ежы, каб накарміць дзяцей. Ён, як старэйшы зь іх, працаваў нароўні з дарослымі. Зь дзесяці гадоў пачаў касіць ды хадзіць за плугам і бараною.
«Нядолі тады хапала, але ці ў нас адных», — заўважае стары.
Зь яго словаў, сталінскія рэпрэсіі ягоную блізкую радзіну абмінулі, бо сярод яе «не было кулакоў, а толькі сераднякі ды беднякі».
«Янка Купала паляваў на шышкі...»
Антон Навуменка скончыў чатыры клясы беларускай школы. Кажа, што цяпер у ёй усё мяшанае, а тады вучыліся толькі па-беларуску. Дзеці за парты ішлі з ахвотаю. Сам ён дабіраўся да школы за тры кілямэтры, бо бацька тады ўжо служыў лесьніком, а сям’я жыла ў лесе.
Дапамагаючы бацьку, ён пазнаёміўся зь Янкам Купалам. У пісьменьніка ў Ляўках непадалёк ад бацькоўскай лесьнічоўкі было лецішча (цяпер там музэй і запаведнік. — РС). Купала нярэдка наведваўся да бацькі і прасіў таго ўпаляваць яму якой дзічыны.
«Сам ён страляў хіба толькі па шышках, — з усьмешкай згадвае стары. — Аднаго разу на такім паляваньні ён ледзьве не пацэліў у мяне. Крыху насварыўся, што цягаюся па лесе, а потым, распытаўшы, чый я, даў цукерак. Чалавек ён быў, як мне падавалася, вясёлы і жыцьцярадасны. Тады я ня ведаў, што і яму давялося шмат благога перажыць і нават зазірнуць у вочы сьмерці (у 1930 годзе пісьменьнік зрабіў спробу самагубства. — РС)».
«Найстрашнейшай у маім жыцьці была вайна»
У 16 гадоў Навуменку ўзяў чаляднікам у шавецкую арцель «Зара» дзядзька. Там хлопцу далі даведку, па ёй ён атрымаў пашпарт. Стаўшы свабодным ад абавязкаў перад калгасам, уладкаваўся вучнем токара ў мэханічны цэх вайсковага аэрадрому «Балбасава» пад Воршай. У 1941-м ён ужо самастойна працаваў токарам. У войска яго не ўзялі праз траўмаваную нагу. Ня трапіў і ў эвакуацыю разам з заводам.
«Начальнік цэху паабяцаў, што па мяне прышлюць, як завод паставяць на новым месцы, але неўзабаве прыйшоў немец, — апавядае Антон Навуменка. — Дзяўчына, якую перад вайной да мяне прыставілі вучаніцай, таксама засталася ў акупацыі. Зь ёю мы здружыліся і сталі жыць разам, перабраўшыся да маіх бацькоў у Зубава. Яна памерла ў 1948 годзе, пакінуўшы мяне зь дзьвюма дочкамі».
З словаў суразмоўцы, бургамістар агітаваў яго ў паліцыю і нават вылучыў тры гектары зямлі. Прапанову начальніка мясцовай акупацыйнай адміністрацыі ён не прыняў, бо «паліцаяў лічыў горшымі за нацыстаў і верыў, што немца прагоняць».
«Паліцаі лютавалі — страх, — кажа Антон Навуменка. — Ратунку ад іх не было. Рабавалі неймаверна. Калі вайна скончылася, дык яны па 25 гадоў адседзелі. Партызанаў жа ў нашых краях не было».
«Найстрашнейшай у маім жыцьці была вайна, — дадае ён. — Тады кожны думаў пра адно — як выжыць. У кожны момант маглі забіць».
Дзьвюх ягоных сясьцёр вывезьлі ў Нямеччыну. Як скончылася вайна, яны вярнуліся на радзіму. Ніхто зь сям’і суразмоўцы не загінуў. Ягоны бацька пражыў 87, а маці — 68 гадоў.
Пасьля вайны Антон Навуменка рабіў у калгасе, а ў 1948-м пайшоў ізноў у лесьнікоўства. Адслужыўшы чвэрць стагодзьдзя лесьніком, падаўся ў будаўнікі. Узводзіў сельскагаспадарчыя аб’екты. Будаўніком выйшаў на пэнсію. Мае званьне вэтэрана працы. Пахаваўшы ў 1948 годзе першую жонку, ажаніўся другім разам. Выгадаваў чатырох дачок.