Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына не пабачыла пагрозаў у абяцаньні Лукашэнкі «нагадаць» пра расстрэлы дэманстрантаў


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адказала на ліст менчука, які прасіў не рэгістраваць Аляксандра Лукашэнку кандыдатам у сувязі з тым, што ён «наўпрост ці ўскосна гаварыў пра ўжываньне гвалту да іншадумцаў, прыводзячы прыклады Ўзбэкістану і Таджыкістану з масавымі расстрэламі».

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Аўтар ліста спасылаўся на заявы Лукашэнкі 4 чэрвеня, заявіў, што «варожыя выказваньні варта разглядаць як пагрозу фізычнай расправы, масавых расстрэлаў — ціск на выбарнікаў», згадаў артыкул 73 Выбарчага кодэксу аб выкарыстаньні кандыдатамі службовага становішча ў інтарэсах выбраньня, таксама пабачыў пагрозу ўзурпаваць уладу ў фразе «Краіны яны не атрымаюць». Адказ Лідзіі Ярмошынай пераказваюць «Белсат» і «Эўрарадыё».

У сваім адказе Ярмошына заявіла, што Лукашэнка як гарант Канстытуцыі «абавязаны прымаць усе меры, у тым ліку і сілавыя, для абароны дзяржаўнага ладу і правапарадку, пра што ён эмацыйна выказаўся».

«Вашыя здагадкі пра пагрозы суб’ектыўныя і не грунтуюцца на зьмесце дадзеных выступаў», — адзначыла яна, назваўшы ацэнкі выступу «беспадстаўнымі».

Акрамя таго, Ярмошына заявіла, што «выказванні службовых асобаў на працоўных сустрэчах» ня лічацца злоўжываньнем службовым становішчам, бо артыкул 73 Выбарчага кодэксу мае закрыты пералік таго, што такім злоўжываньнем лічыцца.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG