Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтае відэа можна накіраваць у пракуратуру і ЦВК». Што адбываецца на відэа з Рэчыцкай паліклінікі, дзе зьбіраюць подпісы за Лукашэнку?


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў у Менску
Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў у Менску

Рэгіянальны інфармацыйны партал «Палеская вясна» апублікаваў відэа збору подпісаў за Лукашэнку ў рэгістратуры дзіцячай паліклінікі Рэчыцы. Гэта адбывалася ў працоўны час, пры выкарыстаньні адміністрацыйнага рэсурсу. Свабода разьбіралася, што пра гэта думае юрыст.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Ты хочаш працаваць? А я хачу да пэнсіі дапрацаваць»

На відэа — група жанчын, якім прынесьлі падпісныя лісты і просяць запоўніць пашпартныя дадзеныя, пазначыць дату і паставіць подпіс. Рэгістратарка па імені Марына размаўляла па тэлефоне, калі ёй далі падпісны ліст. Яна пачала запаўняць, а калі разабралася, за каго зьбіраюць подпісы, абурылася.

Жаночы голас тлумачыць Марыне: «Ты можаш не дапісваць, гэтую графу маюць права выкрасьліць». Іншы голас кажа: «Дапішы ўжо! Калі пачала, дапісвай». Марына пярэчыць, што няма пашпартных дадзеных. Ёй кажуць: «У Натальлі Паўлаўны будуць усе пашпарты».

Пры гэтым чуваць: «Ды хто іх будзе правяраць, гэтыя сьпісы?» На заўвагу аўтаркі відэа, што зьбіраць подпісы на працы незаконна, гучыць: «Ты хочаш працаваць? А я хачу да пэнсіі дапрацаваць».

Па рэпліках на відэа адчуваецца, што ня ўсе задаволеныя: «Ён мне пэнсію не дабаўляе, а я буду за яго галасаваць?» — абураецца жанчына.

Гучыць і імя той, што прасіла падпісвацца: Ірына Ўладзімераўна.

У рэгістратуры Рэчыцкай дзіцячай паліклінікі Свабодзе адмовіліся пракамэнтаваць сытуацыю. Не камэнтуе і галоўная лекарка паліклінікі.

Супрацоўнікі паліклінікі расказалі Радыё Свабода, што на відэа старшая мэдсястра дзіцячай паліклінікі Натальля Іванаўна. На відэа Натальля Іванаўна кажа, што папрасіла яе «Ірына Ўладзімераўна».

Ірына Ўладзімераўна, па словах супрацоўнікаў паліклінікі, — супрацоўніца аддзелу кадраў Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Яна — сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

Відэа спачатку зьявілася ў адным Telegram-канале, яго перапосьціла «Палеская вясна» ды іншыя інтэрнэт-рэсурсы.

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, пры зборы подпісаў у Рэчыцкай дзіцячай паліклініцы парушана некалькі артыкулаў Выбарчага і Працоўнага кодэксаў ды іншых заканадаўчых актаў.

Па-першае, подпісы зьбіралі ў працоўны час на працоўных месцах.

Па-другое, варта вызначыць, ці сябра ініцыятыўнай групы зьбірала подпісы. Бо подпісы, сабраныя не сябрамі ініцыятыўнай групы, паводле Выбарчага кодэксу, лічацца несапраўднымі.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Праверыць можна, ці быў прымус і як выкарыстоўваўся „адміністрацыйны рэсурс“ — бо подпісы зьбірала старшая мэдсястра, якой падпарадкоўваюцца рэгістратары паліклінікі. Подпісы на прадпрыемствах і ва ўстановах зьбіраюць, як правіла, прадстаўнікі адміністрацыі», — кажа праваабаронца.

А згодна з 61 артыкулам Выбарчага кодэксу «Ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджваньне выбаршчыкаў за ўнясеньне подпісу, не дапускаюцца».

«Гэтае відэа можна накіраваць у пракуратуру і ЦВК, — лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Хоць яно здымалася таемна, на ім лёгка вызначаюцца ўсе дзейныя асобы. Да таго ж у рэгістратуры дзіцячай паліклінікі вядзецца аўдыё- і відэазапіс, якія пракуратура і ЦВК могуць запатрабаваць, тым больш што дата і час дакладна вядомыя», — такое меркаваньне выказвае юрыст.

«Адмыслова робіцца дыскрэдытацыя нашай групы»

4 чэрвеня на паседжаньні ЦВК разьбіралі скаргу Віктара Бабарыкі, які заклікаў адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам Аляксандру Лукашэнку або вынесьці ягонай групе папярэджаньне. Натуральна, у задавальненьні скаргі адмовілі.

«Адвакатам» на паседжаньні ЦВК выступаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, старшыня ФПБ Міхаіл Орда. Абараняўся ён надзвычай эмацыйна: яго прамова была перасыпаная словамі і фразамі «фэйкі», «хлусьня», «правакацыя», «скажоная інфармацыя» «дыскрэдытацыя», «маніпуляцыя грамадзкай думкай».

Некаторыя яго заявы выглядалі даволі дзіўна. Да прыкладу, спадар Орда сьцьвярджае, што «Выбарчы кодэкс не рэглямэнтуе, у які час дазваляецца збор подпісаў па месцы працы».

Прафсаюзны лідэр ня можа ня ведаць, што ёсьць яшчэ Працоўны кодэкс, які рэглямэнтуе, чым і кіраўнікі, і супрацоўнікі павінны займацца ў працоўны час.

Да таго ж, паводле Міхаіла Орды, многія скаргі ананімныя, таму на іх ня варта зьвяртаць увагі.

«Усе факты — ад ананімных заяўнікаў, яны ня могуць разглядацца, бо тут няма вызначанай асобы», — перакананы Міхаіл Орда.

Ня лічыць ён доказам і скрыншоты, бо, на думку кіраўніка ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, «скрыншот лёгка падрабіць у карысьлівых мэтах, ён ня можа разглядацца як факт».

Што тычыцца гука- і відэазапісу, лічыць ён, то гэтыя матэрыялы таксама ня могуць разглядацца, калі зьнятыя «скрытай камэрай». І тут Міхаіл Орда апэлюе да артыкула 299 Грамадзянскага кодэксу (маючы на ўвазе, відаць, артыкул 229 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу; там гаворыцца пра выкарыстаньне аўдыё, — відэа- і падобных запісаў у якасьці доказаў у судзе. — РС):

«Схаваны збор аўдыё- і відэазапісу, калі гэта ня вызначана заканадаўствам, забаронены. Таксама аўдыё- і фатаздымка, калі яна пасягае на правы чалавека і калі гэтую здымку хтосьці ажыцьцяўляе. Ён павінен паведаміць чалавеку, што гэтая здымка ідзе, паколькі ў адваротным выпадку ідзе наўпрост парушэньне правоў чалавека», — кажа прафсаюзны лідэр. І робіць выснову: «Адмыслова робіцца дыскрэдытацыя нашай групы».

Ня стаў прыводзіць Міхаіл Орда і лічбы, колькі подпісаў сабралі за Аляксандра Лукашэнку:

«Мы сёньня — я ня буду прыводзіць лічбы, колькі мы сабралі, таму што гэта наша ўнутраная справа, калі прыйдзе час, мы аб’явім, — але больш за палову мы якраз сабралі подпісаў па месцы жыхарства», — сьцьвярджае кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG