Вясковец з Гомельскай вобласьці сьцьвярджае, што за падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага яго пільнуе міліцыя і пагражае забраць дзяцей.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сяргей Маслаў жыве ў вёсцы Вазьнясенск пад Чачэрскам Гомельскай вобласьці. У сям’і чацьвёра дзяцей, малодшая дачка мае інваліднасьць. За ўдзел у акцыі падтрымкі Ціханоўскага ў Гомлі вясковец адбыў 15 сутак. Цяпер па выходных ня можа выбрацца з хаты, каб паставіць подпіс у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.
«За мной палюе міліцыя. Дом па нядзелях, калі ў Гомлі праходзіць збор подпісаў, — у аблозе. Мяне затрымліваюць, міліцыянты ходзяць з маім здымкам па суседняй вёсцы і пытаюцца — ці бачылі мяне», — расказаў Свабодзе Сяргей Маслаў.
«Абвясьцілі галоўным апазыцыянэрам на раёне»
7 траўня ён быў на акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі. Сяргея і яшчэ 19 чалавек затрымалі супрацоўнікі АМАП. Суд пакараў вяскоўца арыштам на 15 сутак.
22 траўня яго перавезьлі з гомельскага ізалятара ў Чачэрскі РАУС.
«Там я „даседзеў“ суткі, 40 хвілін. Да мяне прыйшоў на размову начальнік РАУС Уладзімер Бухаўцоў. Ён мне сказаў, што раней працаваў начальнікам Лоеўскага РАУС. І пасьля стасункаў зь ім нейкі блогер вымушаны быў зьехаць. (Імаверна, гаворка ідзе пра гомельскага фрылансэра Кастуся Жукоўскага, зь якім Бухаўцоў судзіўся за паклёп і прайграў суд. Пазьней Жукоўскі зьехаў за мяжу. — РС).
Начальнік РАУС мне сказаў, што калі я не „супакоюся“, то і мне зладзіць такое жыцьцё. Супакоюся — значыць, каб не выкладаў відэа на Youtube, не стасаваўся зь людзьмі, ня езьдзіў на акцыі», — патлумачыў вясковец.
31 траўня ў Гомлі праходзіў вялікі пікет па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў.
«Мусіць, міліцыянты баяліся, што я туды зьбіраюся, але ў мяне нават не было грошай на квіток. Як толькі я выйшаў у краму па цыгарэты, то ўбачыў мэтраў за 100 ад хаты аўтамабіль. Адтуль выйшлі міліцыянты. Потым пад’ехалі яшчэ два аўтамабілі, у тым ліку прыехаў і начальнік міліцыі! Адзін зь міліцыянтаў сказаў, што я для іх галоўны апазыцыянэр на раёне. Я такога эфэкту не чакаў», — кажа Сяргей.
«Адключым газ, дзяцей забяром у прытулак за запазычанасьць»
Яго завезьлі ў РАУС, каб апытаць пра ДТЗ.
«Аварыя была нейкая 21 траўня. Я ж сядзеў тады ў ІЧУ, а яны кажуць, можа, я што бачыў. Потым пыталіся пра крадзеж у суседняй вёсцы. Потым — пра нейкі сямейны скандал у іншай вёсцы — нібыта я нешта магу ведаць! Вадзілі з кабінэта ў кабінэт. Каля пятай гадзіны прыйшоў зноў Бухаўцоў, размаўляў груба, сказаў, што наступным разам я буду размаўляць з псыхіятрам.
У гэты час міліцыянты і сацыяльныя службы прыехалі да маёй жонкі. Казалі, што калі яна мяне не супакоіць, то мяне пасадзяць на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, а дзяцей забяруць у прытулак. Жонка спыталася: „На якой падставе?“ — а ёй кажуць, што адключым газ вам, а потым дзяцей забяром за запазычанасьць. Мяне трымалі да сёмай вечара, пакуль у Гомлі ня скончыўся пікет. Без вады, бязь ежы, безь ніякай падставы», — кажа Сяргей.
7 чэрвеня вясковец зноў сабраўся на пікет у Гомель. Ведаючы пра магчымую аблаву, выйшаў з хаты а 5-й раніцы і аўтаспынам дабраўся да абласнога цэнтру.
«Потым мне сябры скінулі здымкі, як зноў машыны стаялі пад домам, у іх нават перазьменка была. Вечарам я вярнуўся дахаты, выйшаў на ганак — і яны толькі тады зьехалі. Мне расказалі, што міліцыянты нават па суседняй вёсцы хадзілі з маім здымкам, пыталіся — можа, хто мяне падвозіў», — са сьмехам узгадвае вясковец.
«Улады шалеюць, бо я перад імі не прагінаюся»
У 2016 годзе ў Сяргея Маслава з жонкай сацыяльныя службы ўжо забіралі дзяцей.
«Абвясьцілі, што ў нас антысанітарыя, запазычанасьць па газе — яна там была зусім малая, і нібыта мы п’яніцы. Мы выканалі ўсе іх патрабаваньні, зрабілі рамонт — але дзяцей не аддалі, праз паўтара месяца сказалі: малы тэрмін прайшоў. Толькі праз шэсьць месяцаў аддалі. Прычым пасьля ўсяго гэтага малодшая, Інга, атрымала інваліднасьць. Хоць да таго, як яе забралі сацыяльныя службы, у яе ўсё было добра са здароўем. Потым здарылася на нэрвовай глебе, можа, па ручках яе білі — так іншыя лекары казалі ў Гомлі.
Усе гэтыя праблемы я паказваю, прычым з дакумэнтамі, у блогу на YouTube, таму нашы ўлады так і шалеюць — што я перад імі не прагінаюся, не сьцялюся, як яны прывыклі. У нас кожны, хто мае якую-кольвек уладу, надта ўзносіцца і намагаецца, каб просты чалавек перад ім кланяўся. Мяне тата не для таго выхоўваў, каб я поўзаў на каленях», — дадаў Сяргей.
Што кажуць улады
Атрымаць камэнтар пра сацыяльнае становішча сям’і і пра тое, як забіралі дзяцей раней, нам не ўдалося. У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Чачэрскага райвыканкаму адмовіліся размаўляць з намі праз тэлефон.
У Чачэрскім РАУС таксама адмовіліся камэнтаваць сытуацыю зь Сяргеем Маславым.
Начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў сказаў Свабодзе, што «калі грамадзянін лічыць, што ён беспадстаўна затрыманы і дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, на яго думку, неправамерныя, то мае поўнае права зьвярнуцца з заявай у вышэйстаячыя органы і пракуратуру».
«Таму я нічога не магу пракамэнтаваць, бо ніякіх заяў зь яго боку не паступала», — сказаў прадстаўнік гомельскай абласной міліцыі.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.