Дзярждэпартамэнт ЗША выдаў чарговую справаздачу аб рэлігійнай свабодзе ў сьвеце. У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, адзначаюцца шматлікія абмежаваньні свабоды сумленьня.
- У справаздачы адзначаецца, што закон у Беларусі прызнае «вызначальную ролю» Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) у «гістарычным станаўленьні і разьвіцьці духоўнай, культурнай і дзяржаўнай традыцыі беларускай нацыі». Канкардат дае правы і прывілеі БПЦ, якія не даюцца іншым рэлігійным групам.
- Закон забараняе любую рэлігійную дзейнасьць незарэгістраваным групам.
- Паводле закону, усе зарэгістраваныя рэлігійныя групы павінны прасіць дазволу на правядзеньне мерапрыемстваў па-за межамі сваіх памяшканьняў і павінны атрымаць папярэдні дазвол ад уладаў на ўвоз і распаўсюд рэлігійнай літаратуры.
- У ліпені пакараньні за стварэньне і ўдзел у незарэгістраваных рэлігійных арганізацыях былі зьмененыя з магчымых турэмных тэрмінаў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам, на штрафы, прадугледжаныя новым палажэньнем адміністрацыйнага кодэксу.
- Сьведкі Яговы паведамляюць, што на працягу году яны праводзілі штотыднёвыя рэлігійныя службы па ўсёй краіне без умяшаньня міліцыі, але працягвалі сутыкацца з цяжкасьцямі ў рэгістрацыі мясцовых рэлігійных суполак. Іншыя рэлігійныя меншасьці таксама мелі праблемы пры рэгістрацыі.
- Рымска-каталіцкія прыходы паведамляюць, што ўлады часта адмаўляюць у візах ці не працягваюць тэрмін знаходжаньня ў Беларусі для некаторых замежных місіянэраў.
- Праваабарончыя групы паведамілі пра пашырэньне доступу мусульманскага і пратэстанцкага духавенства да зьняволеных.
- На працягу ўсяго году ўлады працягвалі ўшаноўваць памяць ахвяр Галакосту, клапаціцца аб габрэйскіх могілках і мэмарыялах на месцах, дзе былі забітыя габрэі.
- Нягледзячы на ўрадавую забарону, антысэміцкія друкаваныя выданьні і відэаматэрыялы працягвалі ўвозіцца з Расеі і былі даступныя на мясцовым узроўні.
- У чэрвені часовы павераны ў справах ЗША і іншыя прадстаўнікі пасольства сустрэліся з Упраўленьнем паўнамоцнага прадстаўніка ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, каб абмеркаваць рэлігійныя справы і захаваньне помнікаў габрэйскай спадчыны.
- У ліпені прадстаўнікі пасольства прысутнічалі на цырымоніі ўшанаваньні ахвяраў Галакосту ў мэмарыяле ў Наваградку.
-