Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка ня можа не хацець незалежнай царквы», — айцец Аляксандар Шрамко


Пятро Парашэнка з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі ў царкве ў вёсцы Ляскавічы, 26 красавіка 2017
Пятро Парашэнка з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі ў царкве ў вёсцы Ляскавічы, 26 красавіка 2017

Чаму мітрапаліт Павел заявіў, што «для БПЦ аўтакефалія – гэта сьмерць»? Ці ёсьць у БПЦ памкненьні да большай аўтаноміі? Якія праваслаўныя цэрквы прызналі Праваслаўную царкву Ўкраіны? Ці зьменіць назву УПЦ Маскоўскага патрыярхату? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказаў ярэй БПЦ айцец Аляксандар Шрамко.

Сёлета ў кастрычніку а. Аляксандра Шрамка за крытыку маскоўскага патрыярха Кірыла вызвалілі ад пасады сьвятара «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня блаславеньня».

Аляксандар Шрамко
Аляксандар Шрамко

— 5 студзеня ў інтэрвію тэлеканалу СТВ мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел заявіў, што ў краіне не імкнуцца да аўтакефаліі, а спроба яе атрымаць будзе азначаць зьнішчэньне Беларускай праваслаўнай царквы. Паводле мітрапаліта, «калі для Ўкраіны гэта страшная трагедыя — спроба навязаць аўтакефалію, то калі гэта будзе адбывацца ў Беларусі, то для Беларускай праваслаўнай царквы гэта будзе сьмерць». Айцец Аляксандар, а чаму — сьмерць?

— Я думаю, што ў яго проста такая мастацкая натура. Гэта гульня словаў: маўляў, калі для Ўкраіны, дзе царква мацнейшая, гэта трагедыя, то для нашай царквы, слабейшай, гэта будзе яшчэ большая трагедыя, амаль што сьмерць. Такое і мітрапаліта вобразнае мысьленьне.

—​ Мітрапаліт Павел таксама сказаў, што япіскапат Беларускай праваслаўнай царквы, і сьвятары, і практычна ўсе вернікі аб аўтакефаліі і «ня думаюць». Гэта і сапраўды так?

— Гэта зусім ня так. Я нядаўна даведаўся пра падзеі на леташнім эпархіяльным сходзе. Ён праводзіцца раз на год, на яго зьбіраюцца ўсе сьвятары. Там праводзіцца такая савецкая палітыка «одобрямса». Сынод РПЦ прыняў пастанову, якая асуджае Канстантынопаль. І гэтага магло быць і дастаткова. Але трэба было паказаць, што і эпархія падтрымлівае гэта. Адпаведная рэзалюцыя супраць Канстантынопалю была прапанаваная і на гэтым эпархіяльным сходзе.

Мне апавядалі сьведкі, якія там былі, што прапанова была прынятая вельмі прахалодна. Ня тое каб нехта зьбіраўся змагацца супраць, але без энтузіязму была ўспрынятая гэтая прапанова. Былі людзі, якія ўстрымаліся пры галасаваньні, былі людзі, якія нават галасавалі супраць.

Але мітрапаліт Павал гэтага як бы не заўважыў і заявіў, што рашэньне прынятае аднагалосна. Папраўдзе былі і галасы супраць, і тыя, хто ўстрымаўся.

Мітрапаліт Павел
Мітрапаліт Павел

А галасаваньне было адкрытае. У нашых абставінах ты цалкам залежыш ад мітрапаліта, ён можа цябе куды заўгодна перавесьці, зьняць. Так што калі нават у гэтых абставінах не было аднагалосься, то пры свабодным галасаваньні яго вынікі былі б зусім іншыя.

Дзяржава ў нас хоць і маленькая, але настроі ў розных яе месцах розныя. Не выключаю, што ў прыходах у Віцебскай ці Гомельскай абласьцях, дзе больш прарасейскія настроі, і было аднадушша ў гэтым пытаньні.

Але ў Менску настроі іншыя. Ня тое каб нехта тут змагаўся за аўтакефалію, але калі яна будзе, то прымуць безь ніякай трагедыі.

—​ Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, як і БПЦ, належыць да РПЦ. Але УПЦ МП мае зусім іншы статус, чым БПЦ, яна, кажучы сьвецкай мовай, мае значна большую ступень аўтаноміі.

— Так, можна сказаць, што на мяжы аўтакефаліі.

—​ А як ставіцца клір, япіскапат БПЦ да магчымасьці большай аўтаноміі ў межах РПЦ? Статус, які мае УПЦ МП, — гэта для БПЦ таксама сьмерць? Ва Ўкраіне для УПЦ МП гэта ня сьмерць.

— Гэтыя адрозьненьні зьвязаныя з тым, што ўкраінская царква мацнейшая і большая. Яна заўсёды мела вышэйшую ступень самастойнасьці.

У 1970-х — напачатку 1980-х у Беларусі не было размовы нават пра экзархат. Была толькі адна эпархія — Менская і Беларуская. Мітрапаліт Філарэт, калі прыехаў сюды, так і называўся —мітрапаліт Менскі і Беларускі. Гэта не царква была, а проста адна эпархія з адным мітрапалітам.

А ва Ўкраіне тады быў ужо экзархат, гэта быў ужо ўзровень царквы. Намаганьнямі мітрапаліта Філарэта ў Беларусі быў утвораны экзархат, царква, шмат эпархіяў.

Калі мы зрабілі крок да экзархату, царква ва Ўкраіне зрабіла наступны крок — да пашыранай аўтаноміі.

І ў нас ставілася пытаньне пра гэта, яго паставіў сам мітрапаліт Павел праз год пасьля прызначэньня. Ён чалавек расейскі, быў пастаўлены сюды, каб трымаць на кароткім павадку беларускую царкву.
Але праз год ён загаварыў пра большую самастойнасьць БПЦ. Мяркую, што гэта адбылося пад уплывам атачэньня. А гэтае атачэньне не такое ўжо і прамаскоўскае.

Яны здолелі паўплываць на яго так, што праз год пасьля прызначэньня ён паставіў гэтае пытаньне — аб пашырэньні аўтаноміі экзархату да большай аўтаноміі.

Скончылася гэта ня вельмі ўдала, збольшага таму, што зроблена гэта было бяздарна, без адпаведнай падрыхтоўкі, «з кандачка».

Нават расейскі мітрапаліт, патрапіўшы ў асяродзьдзе беларускіх сьвятароў, сам «заразіўся» аўтанамісцкіміі настроямі

Але паказальна, што нават расейскі мітрапаліт, патрапіўшы ў асяродзьдзе беларускіх сьвятароў, сам «заразіўся» такімі настроямі.

—​ Цяперашняя царкоўная сытуацыя ва Ўкраіне, утварэньне Праваслаўнай царквы Ўкраіны, атрыманьне ёю томасу —​ як гэта паўплывае на пэрспэктыву большай аўтаномнасьці БПЦ: паспрыяе ці наадварот?

— У нашых краях, на жаль, хіба ня ўсё залежыць ад улады ў царкоўных пытаньнях. Што ў Беларусі, што ва Ўкраіне. У мяне супярэчлівыя ўражаньні ад утварэньня ўкраінскай аўтакефальнай царквы. Там Парашэнка зрабіў аўтакефалію інструмэнтам сваёй перадвыбарчай кампаніі.

Ну а ў нас, дзе дыктатура аднаго чалавека, зразумела, шмат залежыць ад яго. Але ён сам залежыць ад Масквы.

Чалавек, які імкнецца да абсалютнай улады, не можа не жадаць, каб пад ягонай уладай была і царква таксама

Сам па сабе ён можа і хацеў бы самастойнай царквы. Больш за тое — ён ня можа гэтага не хацець. Чалавек, які імкнецца да абсалютнай улады, ня можа не жадаць, каб пад ягонай уладай была і царква таксама.

Як толькі яго залежнасьць ад Масквы зьменіцца, ён гэта адразу зробіць. І я мяркую, што калі б ён гэта зрабіў, то беларуская царква без усялякай трагедыі ўспрыняла б гэта.

І яшчэ ў гэтым адрозьненьне ад Украіны: у нас няма амаль 30-гадовага досьведу супрацьстаяньня розных юрысдыкцыяў — з аднаго боку УПЦ МП, а зь іншага — УПЦ КП і УАПЦ. Там атмасфэра накалялася, рос мур паміж гэтымі цэрквамі. І таму там гэта на ўзроўні трагедыі.

А ў нас выклікаў бы Лукашэнка таго ж мітрапаліта Паўла, сказаў бы, што трэба зрабіць аўтакефалію, Павел бы склікаў сход. Супраць, можа, было б некалькі чалавек. У праваслаўнай царкве ёсьць такія людзі — кшталту тых, хто выступае супраць пашпартоў.

Такія людзі, можа, і былі б супраць. Але ўся царква спакойна перайшла б, большасьць вернікаў нават і не заўважыла б, што гэта адбылося.

Але тут быў бы і пэўны адмоўны момант. Мы атрымалі б царкву, незалежную ад Масквы, але ў большай ступені залежную ад беларускай дзяржавы. А гэта нават горш.

—​ Вы ўважліва сочыце за падзеямі ў царкоўным жыцьці ва Ўкраіне. Пасьля таго як ПЦУ атрымала томас з рук патрыярха Варфаламея —​ ці адбылося прызнаньне праваслаўнымі цэрквамі сьвету новай Праваслаўнай царквы Ўкраіны?

— Наколькі я ведаю, цалкам пакуль ніхто не прызнаў. Грузінская царква выказвала намер прызнаць. Але пакуль гэтага няма. Эпіфанія выбралі прадстаяцелям новай царквы. Звычайна, калі абіраюць мітрапаліта нейкай царквы, то іншыя цэрквы дасылаюць віншаваньні. Эпіфанія з абраньнем ніхто не віншаваў, акрамя Канстантынопальскай царквы.

Мяркую, што некаторыя цэрквы ПЦУ прызнаюць, возьмуць бок Канстантынопалю. А некаторыя — Масквы. І гэта будзе раскол сусьветнага праваслаўя.

—​ 20 сьнежня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў Закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях. Паводле закону, калі рэлігійная арганізацыя ўваходзіць у склад такой рэлігійнай арганізацыі, чый кіроўны цэнтар знаходзіцца па-за межамі Ўкраіны ў дзяржаве, заканадаўча прызнанай агрэсарам і акупантам, —​ то яна абавязаная ў сваёй поўнай статутнай назьве адлюстроўваць прыналежнасьць да гэтай замежнай рэлігійнай арганізацыі. Паводле вашых зьвестак, ці зьбіраецца УПЦ МП зьмяніць назву, пазначыць у ёй прыналежнасьць да РПЦ?

– Украіна, у адрозьненьне ад Беларусі, уваходзіць у эўрапейскія судовыя структуры. Мяркую, што УПЦ МП можа падаць пазоў у эўрапейскі суд. І я амаль на 100% упэўнены, што яна ў гэтым судзе пераможа. Бо гэты закон супярэчыць дэмакратычным прынцыпам. Царква сама мусіць вызначаць, як ёй называцца. Што яны будуць рабіць, я ня ведаю, але я б на іхным месцы такі пазоў падаў.

—​ А паводле вашай інфармацыі, ці яны зьбіраюцца выконваць гэты закон?

— Не, не зьбіраюцца. Ну хіба калі будзе моцны прымус. Далейшае разьвіцьцё залежыць ад таго, як будзе паводзіць сябе дзяржава. Пятро Парашэнка неаднойчы казаў: «Мы будзем рабіць любоўю і верай». Ён казаў гэта і падчас цырымоніі падпісаньня томасу.

Кіраўнік ПЦУ Эпіфаній (зьлева), прэзыдэнт Пятро Парашэнка, Усяленскі патрыярх Варфаламей, Стамбул, 5 студзеня 2019
Кіраўнік ПЦУ Эпіфаній (зьлева), прэзыдэнт Пятро Парашэнка, Усяленскі патрыярх Варфаламей, Стамбул, 5 студзеня 2019

Гэта вельмі добрыя словы. Але ў нашых палітыкаў ёсьць асаблівасьць — часта калі яны кажуць, што нечага ня будзе, яно якраз і адбываецца.

Калі ўлада заяўляе, што нейкія тарыфы ня будуць падвышаныя, людзі адразу палохаюцца – а раптам менавіта іх і падвысяць.

Так і тут можа быць. Бо настроі там напампоўваюцца, што УПЦ МП — гэта незаконная царква. Пікеты каля храмаў УПЦ МП робяцца, робіцца такі ціск, пакуль што маральны. Ну а ці ўстрымаецца дзяржава, каб не ўжываць свае рычагі — я ня ведаю. Але калі яна іх уключыць, вынік можа быць адваротны чаканаму, УПЦ МП можа ў выніку яшчэ больш згуртавацца.

Што такое томас і аўтакефалія — тлумачым папулярна

6 студзеня 2019 году ў Стамбуле Ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі кіраўніку Праваслаўнай царквы Ўкраіны мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Ўкраіны Эпіфанію.

Што гэта азначае

  • Томас (грэц. τόμος) — указ кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы ў важных пытаньнях царкоўнага ўладкаваньня або веравучэньня.
  • Аўтакефалія (ст.грэц. αὐτοκεφαλία) — самастойнасьць памеснай царквы, адміністрацыйна незалежнай ад іншых праваслаўных цэркваў, але адзінай зь імі кананічна.

Найноўшая перадгісторыя

  • У красавіку 2018 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі царквы ва Ўкраіне і абвясьціў аб намеры стварыць «адзіную памесную царкву». Вярхоўная Рада зварот прэзыдэнта падтрымала.
  • 10 верасьня 2018 году патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якія меліся падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы.
  • 11 кастрычніка сынод Канстантынопальскага патрыярхату ў Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней непрызнаных Украінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
  • 15 сьнежня 2018 году аб’яднаўчы сабор трох праваслаўных цэркваў Украіны абвясьціў аб стварэньні адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Яе ў сане мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Ўкраіны ўзначаліў мітрапаліт Пераяслаўскі і Белацаркоўскі Эпіфаній (Думенка).

Рэакцыя Масквы

  • Маскоўскі патрыярхат рэзка адмоўна паставіўся да захадаў Канстантынопальскага патрыярха ў справе стварэньня адзінай памеснай царквы Ўкраіны, разарваў з Канстантынопалем эўхарыстычныя дачыненьні і зьвярнуўся да кіраўнікоў іншых праваслаўных цэркваў сьвету з заклікам не ўступаць у зносіны з створанай ва Ўкраіне новай праваслаўнай царквой.
  • Да пазыцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла далучыўся і беларускі экзархат РПЦ. Сынод экзархату выступіў з адпаведнай заявай.
  • 2 лістапада 2018 году прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) заявіў, што не выключае магчымасьці наданьня аўтакефаліі царкве ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.

Становішча ў сусьветным праваслаўі

Да наданьня аўтакефаліі Праваслаўнай царкве Ўкраіны ў сьвеце было 14 прызнаных аўтакефальных цэркваў. Паводле праваслаўнага Дыптыху, яны разьмяшчаюцца ў наступнай герархіі:

  • Канстантынопальская (больш як 2 млн чалавек)
  • Александрыйская (больш як 6,5 млн чалавек)
  • Антыяхійская (1 млн 370 тыс. чалавек)
  • Ерусалімская (130 тыс. чалавек)
  • Руская (найбуйнейшая, каля 130 млн чалавек)
  • Грузінская (4 млн чалавек)
  • Сэрбская (10 млн чалавек)
  • Румынская (16 млн чалавек)
  • Баўгарская (8 млн чалавек)
  • Кіпрская (420 тыс. чалавек)
  • Элядзкая (8 млн чалавек)
  • Альбанская (700 тыс. чалавек)
  • Польская (500 тыс. чалавек)
  • Чэскіх земляў і Славаччыны (150 тыс. чалавек)

Прыклады наданьня томасаў:

  • 1686 год — Канстантынопальскі патрыярх Дыянісі IV выдаў томас аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскай патрыярхіі (11 кастрычніка 2018 году сынод Канстантынопальскага патрыярхату скасаваў гэтае рашэньне).
  • 1923 год — патрыярх Канстантынопальскі Мялеці IV выдаў томас аб аўтаноміі Эстонскай праваслаўнай царквы і прыняў яе ў сваю юрысдыкцыю.
  • 1924 год — патрыярх Канстантынопальскі Грыгор VII падпісаў томас аб наданьні аўтакефаліі Праваслаўнай царкве ў Польшчы (Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна).
  • 1994 год — патрыярх Маскоўскі Аляксій II выдаў томас аб наданьні Малдаўскай праваслаўнай царкве аўтаноміі.
  • 1998 год — патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей выдаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Чэскіх земляў і Славаччыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG