Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя «Справядлівы сьвет» заявіла, што Лукашэнка даў устаноўку фальсыфікаваць вынікі выбараў 


Пікет у зборы подпісаў
Пікет у зборы подпісаў

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» у адмысловай заяве асудзіла Аляксандра Лукашэнку за рэзкую крытыку сваіх палітычных апанэнтаў.

Партыя левых «Справядлівы сьвет», былая Партыя камуністаў Беларусі, заклікала праваахоўныя органы строга прытрымлівацца закону і адмовіцца ад правакацый і сілавых дзеяньняў у дачыненьні да людзей, якія заяўляюць пра сваю «грамадзянскую пазыцыю законнымі сродкамі ў ходзе мірных акцый».

У звароце да чальцоў выбарчых камісій усіх узроўняў «Справядлівы сьвет» ад імя свайго лідэра Сяргея Калякіна заклікала, «нягледзячы на ціск вэртыкалі ўлады», адкрыта і сумленна падлічыць галасы выбарнікаў, бо любыя фальсыфікацыі зьяўляюцца крымінальным злачынствам.

Партыя таксама зьвярнулася да грамадзян з просьбай фіксаваць усе факты парушэньня закону прадстаўнікамі ўлады і зьвяртацца ў сродкі масавай інфармацыі, выбарчыя камісіі і органы пракуратуры.

Асобна Сяргея Калякін і паплечнікі спыніліся на гучных заявах Аляксандра Лукашэнкі, у якіх ён папярэдзіў апанэнтаў, што «краіны яны не атрымаюць», а таксама прыгразіў нагадаць пра тысячы ахвяраў ўзбэцкага Андыжану.

«Беларуская партыя левых „Справядлівы сьвет“ заяўляе, што такога роду выказваньні кіраўніка дзяржавы і гаранта Канстытуцыі недапушчальныя, паколькі зьмяшчаюць прамую ўстаноўку сябрам выбарчых камісій фальсыфікаваць вынікі выбараў на сваю карысьць, а таксама зьмяшчаюць пагрозы ў дачыненьні да палітычна актыўнай часткі насельніцтва. І гэта пры тым, што ўсе апанэнты Лукашэнкі ў бягучай кампаніі выступаюць за мірныя перамены і эвалюцыйную перадачу ўлады», — адзначаецца ў заяве.

Партыя ня вылучыла свайго прэтэндэнта на выбарах 2020 году.

На нарадзе 4 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асобныя патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты «за чыісьці грошы» хочуць «перавярнуць краіну, дэстабілізаваць абстаноўку».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG