Суд у Бішкеку прызнаў вінаватым былога прэмʼера Кіргізстану Сапара Ісакава па справе аб карупцыі пры рэканструкцыі сталічнага Гістарычнага музэю і будаўніцтве гіпадрому ў горадзе Чалпон-Ата. Яго асудзілі на 18 гадоў пазбаўленьня волі.
Сярод іншага, суд прызнаў Ісакава вінаватым у тым, што ён пры адборы падрадчыка, які павінен быў займацца мадэрнізацыяй Бішкецкай ЦЭЦ, пралабіяваў інтарэсы кітайскай кампаніі TBEA.
«Шляхам частковага складаньня пакараньняў па папярэднім прысудзе канчаткова вызначыць пакараньне ў выглядзе 18 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмін адбыцьця пакараньня вылічаць з 5 чэрвеня 2018 году», — абвясьціў судзьдзя Марат Сыдыкаў. Таксама суд прызначыў Ісакаву штраф 247 млн 650 тысяч сомаў (прыкладна 3,34 млн даляраў).
Сапар Ісакаў быў прэмʼер-міністрам Кіргізстану ў 2017–2018 гадах пры прэзыдэнце Алмазьбеку Атамбаеву, а да таго займаў пасаду намесьніка кіраўніка і кіраўніка апарату прэзыдэнта Кіргізстану. Ён уваходзіў у блізкае кола Атамбаева.
Неўзабаве пасьля зьмены ўлады ў Кіргізстане, у выніку чаго прэзыдэнтам стаў Сааранбай Джээнбекаў, на некалькіх найбліжэйшых паплечнікаў Атамбаева завялі крымінальныя справы аб карупцыі.