Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус ва Ўхані мог быць яшчэ ў жніўні 2019, — дасьледаваньне


На Ўсекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў Кітаю, травень 2020.
На Ўсекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў Кітаю, травень 2020.

Каранавірус, магчыма, прысутнічаў і распаўсюджваўся у кітайскім Ухані яшчэ летась у жніўні. Выснова зробленая на падставе дасьледаваньня спадарожнікавых здымкаў парковак каля буйных шпіталяў і зьвестак пра запыты ў пошукавых сыстэмах.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Як паведамляе брытанскае выданьне The Guardian, у дасьледаваньні, праведзеным навукоўцамі з Гарвардзкай мэдычнай школы, Бостанскага ўнівэрсытэту аховы здароўя і Бостанскага дзіцячага шпіталя, аналізаваліся здымкі, зробленыя са студзеня 2018 да красавіка 2020 году. Было выяўлена «рэзкае павелічэньне» колькасьці транспартных сродкаў, пачынаючы са жніўня 2019 году, якое дасягнула максымуму ў сьнежні.

У пэрыяд зь верасьня па кастрычнік 2019 году ў пяці з шасьці шпіталяў, якія вывучаліся, быў зафіксаваны самы высокі дзённы аб’ём аўтамабіляў за аналізаваны пэрыяд.

Міністэрства замежных спраў Кітаю абвергла высновы дасьледаваньня, назваўшы яго «гранічна абсурдным».

У адпаведнасьці з дасьледаваньнем, павелічэньне аб’ёму транспартных сродкаў каля мэдычных устаноў супала з ростам запытаў у кітайскай пошукавай сыстэме Baidu на словы «кашаль» і «дыярэя», прыблізна за тры тыдні да пацьвярджэньня павелічэньня колькасьці выпадкаў каранавірусу на пачатку 2020 году. Дасьледчыкі адзначылі, што запыты на «кашаль» супалі з сэзонам грыпу, а дыярэя — сымптом, характэрны для COVID-19.

«Павелічэньне колькасьці транспарту каля шпіталяў і пошук сымптомаў ва Ўхані папярэднічалі пачатку пандэміі COVID-19 у сьнежні 2019 году», — гаворыцца ў прэс-рэлізе пра дасьледаваньне, які выйшаў у Гарвардзе.

«У жніўні мы выявілі ўнікальнае павелічэньне выпадкаў колькасьці пошукаў пра дыярэю, якое не назіралася ў папярэднія сэзоны грыпу», — адзначаецца ў паведамленьні.

Прэс-сакратарка Міністэрства замежных спраў Кітаю Хуа Чуньін у аўторак на плянавым брыфінгу для прэсы заявіла, што ня бачыла дасьледаваньня, але не прымае яго высновы.

«Я думаю, што абсурдна, гранічна абсурдна рабіць такія высновы на падставе павярхоўных назіраньняў, такіх, як колькасьць транспарту», — сказала яна.

Паходжаньне COVID-19 робіцца ўсё больш датклівай тэмай, бо Кітай адпрэчвае абвінавачваньні ў пандэміі, якая на гэты момант прывяла да гібелі больш як 400 тысяч чалавек ва ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG