Свабода наведала родны горад чыноўніка і сустрэлася зь людзьмі, якія памятаюць ягоную сям’ю.
4 чэрвеня кіраўнік краіны прызначыў новага прэм’ер-міністра. Сяргея Румаса на гэтай пасадзе замяніў Раман Галоўчанка, які да апошняга прызначэньня кіраваў беларускім вайскова-прамысловым комплексам. А яшчэ раней быў амбасадарам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.
Раман Галоўчанка чалавек у беларускай палітыцы ня новы. Яшчэ ў 1997 годзе ён стаў галоўным спэцыялістам Савету бясьпекі, пасьля займаў пасады ў Генпракуратуры і адказваў за замежную палітыку Савету бясьпекі. Аднак пра яго сям’ю і карані вядома зусім ня шмат. Толькі пасьля прызначэньня на пасаду прэм’ера стала вядома, што ён нарадзіўся ў Жодзіне.
Матацыкл і каляровы тэлевізар
«Тут жыла сям’я яго маці Вольгі, Клаўдзія Георгіеўна і Валянцін Віктарынавіч, — расказвае Сьвятлана Шчырая. Яна дагэтуль жыве паверхам ніжэй за кватэру бабкі і дзеда беларускага прэм’ера. — Прозьвішча іх было Якаўлевы, яны прыехалі ў Жодзіна аднекуль з Расеі. У той час у Жодзіне было шмат прыежджых, людзі ехалі з усяго Саюзу. Зь Менску шмат прыяжджалі сюды жыць і працаваць.
Валянцін Віктарынавіч працаваў тут дырэктарам тэхнікуму пры БелАЗе. А Клаўдзія Пятроўна загадвала бібліятэкай у Палацы культуры. Інтэлігентная сям’я была. Віктарынавіч меў званьне вайсковае, быў палкоўнікам альбо падпалкоўнікам. Я ўжо не магу ўспомніць дакладна. Яны былі вельмі прыемнымі людзьмі. На лецішча часта езьдзілі, у лес, у грыбы. На лецішчы ружы вырошчвалі. Сабака ў іх быў пародзісты, спаніэль. Тады такія сабакі толькі-толькі зьяўляліся ў горадзе. Зваўся Марсік».
Са Сьвятланай мы размаўляем на той самай лавачцы ля пад’езду цаглянага «сталінскага» дома, на якой будучы прэм’ер Беларусі еў аладкі сваёй бабулі. Дом акурат насупраць старой прахадной БелАЗу. Дом культуры, дзе працавала бабка будучага прэм’ера, таксама побач. Якаўлевы хоць і былі простымі людзьмі, але жылі даволі заможна для 70-х. Мелі трохпакаёвую кватэру, уласны матацыкл і нават каляровы тэлевізар. Суседзі прыходзілі да іх глядзець хакей. Якаўлевы сабралі багатую бібліятэку, карыстацца якой дазвалялі суседзкім дзецям.
«Клаўдзія з Валянцінам памерлі ў канцы 80-х, я запомніла Рамана на пахаваньні яго дзеда, — працягвае Сьвятлана. — Ён ужо з бацькамі жыў у Менску. Малады быў, прыехаў у чорным касьцюме. Яму важна было так выглядаць. Сама Клаўдзія ня вельмі шмат расказвала пра ўнука, пра яго посьпехі. Не хваліла яго, у гэтай справе Якаўлевы былі сьціплымі людзьмі. Ведаеце, тады ўсе так жылі. Сьціпла. Гэта цяпер панты ва ўсіх, а тады людзі не выпіналіся».
«Такія людзі нараджаюцца раз на 50 гадоў»
Сям’я бацькі Рамана Галоўчанкі — Аляксандра Галоўчанкі — жыла зусім побач з домам яго маці Вольгі, на вуліцы Лебядзеўскага. Жыхары суседніх дамоў прыгадваюць, што дзед Рамана па бацьку Мікалай працаваў кладаўшчыком на БелАЗе. Акрамя Аляксандра, ён меў яшчэ двух сыноў — Мікалая і Анатоля (Аляксандар быў старэйшым). Яны дагэтуль жывуць у Жодзіне. Расказваюць, што Раман Галоўчанка ўжо быўшы дыпляматам дапамагаў дзядзьку фінансава.
«Усе тры сыны Галоўчанкаў вельмі разумныя, — гаворыць сусед сям’і. — Сярэдні Аляксандар, Ромаў бацька, асабліва. Людзі гаварылі, што такое рэдка здараецца, каб усе тры браты такімі разумнымі былі. Аляксандар вучыўся ў Менску, скончыў тэхнічную вучэльню».
Па словах знаёмых сям’і, Аляксандар Галоўчанка з будучай жонкай Вольгай вучыліся ў адной школе № 2 Жодзіна, побач з Домам культуры БелАЗу. Шлюбам пабраліся таксама ў Жодзіне, але пасьля гэтага неўзабаве зьехалі ў Менск, дзе Аляксандар Галоўчанка пазьней працаваў на трактарным заводзе.
«Мы з бацькам Рамана Галоўчанкі Аляксандрам вучыліся ў адной школе, — расказвае Вольга Мерзьлякова. — Я была ў шостай клясе, а ён у дзясятай, здаецца. Я памятаю Аляксандра, ён быў заўсёды сярод першых. Гісторык нашай школы, Макаранка, пра Аляксандра Галоўчанку гаварыў, што такія людзі нараджаюцца раз на 50 гадоў. Вельмі здольны ён быў, таленавіты. Добра вучыўся. Маці Рамана, Вольга Якаўлева, вучылася з Аляксандрам у адной клясе. Яна скончыла школу з залатым мэдалём».
Дзядзька прэм’ера Рамана Галоўчанкі Мікалай дагэтуль жыве ў кватэры бацькоў. Кватэру сям’і кіраўніка беларускага ўраду па лініі маці перапрадавалі некалькі разоў, цяпер там жывуць іншыя людзі.
«Сям’я Галоўчанак вельмі простая была, — працягвае Вольга Мерзьлякова. — Тры сыны, усе таленавітыя вельмі. Старэйшы брат бацькі Рамана, Мікалай, займаўся матэматыкай. Малодшы таксама нядрэнна вучыўся. Рамана таксама памятаю, яшчэ маленькім.
Пасьля школы я пераехала ў Менск і мы часта езьдзілі з Галоўчанкамі ў адным вагоне цягніка, калі прыяжджалі ў Жодзіна. Яны заўсёды ўтраіх былі, Аляксандар, Вольга і хлопчык Раман. Часта сабаку з сабой бралі ў цягнік. Аляксандар захапляўся паляваньнем, і ў іх быў такі вялікі сабака паляўнічы. Раман вельмі падобны да бацькі. Я нядаўна бачыла яго здымак у газэце і была ўражаная, наколькі яны падобныя».