Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер у «пагонах». Чаму Румаса замянілі на больш грознага


Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Зьмена ўраду і прызначэньне на пасаду прэмʼера Рамана Галоўчанкі — кіраўніка вайскова-прамысловага камітэту — адпавядае прагнозам, зробленым 25 траўня, калі Лукашэнка анансаваў зьмену ўраду.

«Сяргею Румасу роля „дзяржыморды“ ня вельмі пасуе, яна для яго не арганічная. Дык вось і могуць замяніць яго на пэрсанажа больш грознага. Ці на такога, які мае адпаведную рэпутацыю» — адзначаў я тады.

Ці носіць пагоны Раман Галоўчанка насамрэч — невядома. Але сілавы складнік у яго службовай карʼеры відавочны: Рада бясьпекі, пракуратура, вайскова-прамысловы камітэт.

Аднак варта заўважыць, што «цяжкавагавіком» у беларускай апаратнай сыстэме Раман Галоўчанка ня быў. Яго імя ў якасьці магчымага кіраўніка ўраду не называлася, здаецца, нікім.

Прызначаны Пуціным прэмʼерам Расеі Міхаіл Мішусьцін да таго ўзначальваў падатковую службу, чыю эфэктыўнасьць адзначалі экспэрты. А ў Беларусі нейкіх гучных, заўважальных зьдзелак у апошнія гады вайскова-прамысловы камітэт не зьдзяйсьняў. Гучных правалаў ці скандалаў, праўда, таксама ня было. Але гэтага недастаткова для набыцьця апаратнай «вагі».

Таму ня выключана, што прызначэньне Галоўчанкі — спроба вырашыць супярэчнасьці паміж урадам і моцнымі людзьмі ў бліжэйшым атачэньні кіраўніка дзяржавы, такімі, як Натальля Качанава. Паводле ўскосных паказьнікаў такія супярэчнасьці паміж Качанавай і Румасам былі. З Галоўчанкам, напэўна, іх ня будзе.

Праўда, зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ адна службовая іпастась новага прэмʼера — дыпляматычная: скончыў МГИМО, працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта дарадцам упраўленьня замежнай палітыкі, 5 гадоў (2013-2018) быў паслом у розных краінах Блізкага Ўсходу. Варта заўважыць, што ўсе гэтыя 5 гадоў МЗС узначальваў Уладзімер Макей і Галоўчанка быў яго падначаленым. З гэтай дэталі біяграфіі новага прэмʼера наўпрост не вынікае, што ён — чалавек Макея. Але калі гэта так, то супярэчнасьці паміж людзьмі «блізкага кола» могуць не прыцішыцца, а наадварот — разгарэцца з новай моцай.

Ня выключана, што новы ўрад — толькі да выбараў. Надта ўжо малавядомым быў Раман Галоўчанка да сёньняшняга прызначэньня. Магчыма, Лукашэнка вырашыў у востры момант «разруліць» існыя супярэчнасьці ў сваім атачэньні, а пасьля 9 жніўня бачна будзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG